З 1 верасня павялічацца пенсіі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 жніўня падпісаў указ нумар 317 “Аб павышэнні пенсій”, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Указам прадугледжваецца пераразлік працоўных пенсій з 1 верасня 2021 года ў сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы ў рэспубліцы шляхам карэкціроўкі фактычнага заработку пенсіянераў. У выніку пенсіі павялічацца ў сярэднім на 6,3 працэнта.
“АПК у люстэрку статыстыкі”
Пад такой рубрыкай 19 жніўня ў “Сельскай газеце” апублікаваны вынікі работы сельскагаспадарчых арганізацый рэспублікі за студзень-чэрвень бягучага года. Градацыя праведзена паводле прадукцыйнасці дойнага статка. Сярод 365 прадпрыемстваў, задзейсненых у аграрным сектары, першы радок у краіне ўпэўнена займае УП “Моладава-Агра” з Іванаўскага раёна, дзе сярэдні ўдой на карову склаў больш за 6200 кілаграмаў. Сярод гаспадарак Жабінкаўшчыны ў справаздачны перыяд найлепшымі аказаліся рагазнянскія жывёлаводы (амаль 5000 кілаграмаў малака ад рагулі, 20-ы радок у краіне) і працаўнікі СУП “АграАзяты”, якія надойвалі ў сярэднім 4643 кілаграмы з каровы, што адпавядае 36 месцу ў агульнарэспубліканскім спаборніцтве.
Прэмія шукае лаўрэатаў!
Адкрыты прыём заявак на суісканне літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка. Яна ўручаецца з 2007 года ў трох намінацыях: “Проза”, “Паэзія”, “Дзіцячая літаратура”. За мінулы перыяд прэміяй адзначана творчасць 36 літаратараў, у тым ліку пяцёра — з Жабінкаўшчыны (Алесь Каско, Іван Арабейка, Анатоль Брытун, Расціслаў і Анатоль Бензерукі).
Сёлета матэрыялы на вылучэнне твораў прадастаў-ляюцца не пазней за 1 лістапада на адрас Брэсцкага абласнога аддзялення пісьменнікаў СПБ: г. Брэст, праспект Машэрава, д. 75/1, каб. 605, тэлефон (+37533)318-15-89. У аргкамітэт неабходна падаць кароткую біяграфічную даведку, два экзэмпляры вылучаемай кнігі, якая была выдадзена не пазней 2019 года, рэцэнзіі, водгукі ў прэсе на дадзены твор. Уручэнне Калеснікавай прэміі — 2021 адбудзецца напрыканцы года на спецыяльнай цырымоніі.
Уключаем блізкае святло фар
Па 5 верасня праходзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага — дзеці!”. Яго мэта — прафілактыка і папярэджанне дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, прыцягненне ўвагі да бяспекі на дарогах, павышэнне пільнасці вадзіцеляў і бацькоў напярэдадні новага навучальнага года.
Начальнік аддзялення ДАІ Жабінкаўскага РАУС Віталь Ячнік нагадвае кіроўцам, што ў гэтыя дні транспартныя сродкі абавязкова павінны рухацца ў светлы час сутак з уключаным блізкім святлом фар ці з дзённымі хадавымі агнямі. Знаходзячыся за рулём, праяўляйце асаблівую ўвагу ў дваровых тэрыторыях, паблізу населеных пунктаў, школ, пры праездзе скрыжаванняў і пешаходных пераходаў.
“Летнія чытанні” завяршаюцца. Кніга ў сябрах застаецца
Здаецца, зусім нядаўна ў бібліятэках адкрывалася акцыя “Летнія чытанні”. І вось напярэдадні новага навучальнага года яны падыходзяць да завяршэння. У жніўні ў Ракітніцкай сельскай бібліятэцы прайшоў літаратурны крос “Летняя фішка — чытай з сябрамі!”, а ў Сцяпанках адбылося гульнёвае падарожжа ў “Кніжнае царства”. Азяцкая бібліятэка парадавала маленькіх чытачоў мерапрыемствам “Літаратурная скрыня: Кракадзіл Гена і яго сябры”.
