“Прафсаюзы — дзецям”

Штогод прафсаюзныя арганізацыі Жабінкаўшчыны традыцыйна ўдзельнічаюць у рэспубліканскай акцыі “Прафсаюзы — дзецям”. Не стаў выключэннем і сёлетні год. Як паведамілі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе акумулююцца дабрачынныя сродкі, у дапамозе шматдзетным і малазабяспечаным сем’ям ужо прынялі ўдзел многія ўстановы і прадпрыемствы Жабінкаўшчыны. Прычым, грошы паступаюць як з прафсаюзных арганізацый, так і ад наймальнікаў.
Так, раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, якая складаецца з 28 ячэек, ужо выдаткавала амаль 700 рублёў. Найбольш актыўнымі ў гэтай высакароднай справе сталі ўсе тры гарадскія школы, Крыўлянская і Ракітніцкая адзінаццацігодкі, а таксама яслі-сады № 3 і № 5 горада Жабінкі.
Прыкладам для астатніх павінны стаць і прадпрыемствы. Так, прафсаюз ПМК-10 выплаціў тым, хто мае патрэбу для падрыхтоўкі дзяцей да 1 верасня, больш за 500 рублёў, яшчэ звыш тысячы выдзелена за кошт наймальніка. Не застаюцца ўбаку і аграрыі. Прыкладам, у ААТ “Жабінкаўскі” прафсаюз унёс у скарбонку дабрачыннасці 2050 рублёў, а наймальнік, на падставе калектыўнага дагавора, — больш за 5600.
Штогадовая акцыя працягваецца.

“МАНАЛІТ”нае супрацоўніцтва мае працяг

У Расіі ёсць шэсць Ленінскіх сельсаветаў, палова з іх — у Курскай вобласці. У жніўні, калі ладзіўся традыцыйны міжнародны форум “Курскі характар”, дэлегацыя Брэстчыны наведала гэту расійскую вобласць. Папярэдне куране пабывалі на Брэстчыне з нагоды 80-х угодкаў пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а цяпер прымалі берасцейцаў на сваёй зямлі. Па запрашэнні тамтэйшай рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “МАНАЛІТ” і яе кіраўніка Аляксандра Трубнікава ў Курску пабываў старшыня нашага Ленінскага сельсавета Мікалай Лугаўскі. Узнімаліся пытанні супрацоўніцтва паміж Ленінскім сельсаветам Рэспублікі Беларусь і Каранеўскім сельсаветам Расійскай Федэрацыі, усталявання пабрацімскіх сувязяў Жабінкаўскага і Каранеўскага раёнаў.

Тралейбусы вярнуліся на звыклыя маршруты

Жабінкаўцы, як жыхары горада-спадарожніка Брэста, нярэдка бываюць у абласным цэнтры. Таму, безумоўна, іх парадуе навіна, што ў горадзе над Бугам з 21 жніўня адноўлены рух тралейбусаў №№ 1, 3, 4, 8 і аўтобуса № 20, якія будуць даязджаць, як было раней, да аўтавакзала.
Пра гэта ў сваім Тэлеграм-канале паведаміў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук: “З апярэджаннем графіка завершаны рамонт і замена інжынерных камунікацый на вуліцы Камсамольскай на ўчастку ад вуліцы Арджанікідзэ да Гогаля. Напярэдадні тут ужо праведзены працы па асфальтаванні, рамонтныя брыгады правялі праверку і наладку кантактнай сеткі. Датэрмінова зняты абмежаванні на рух грамадскага транспарту па дадзеным участку”.
Нязручнасці сапраўды аказаліся часовымі, і на цэлы тыдзень раней тралейбусы вярнуліся на звыклыя маршруты.

Падаражаў праезд у цягніках

Аднак тым, хто збіраецца ў дарогу, трэба браць з сабой больш грошай, бо з 13 жніўня падаражаў праезд на Беларускай чыгунцы.
Кошт праезду цягнікамі рэгіянальных і між-рэгіянальных ліній бізнес-класа ў сярэднім павялічыўся на 5 працэнтаў. Праезд у паяздах міжрэгіянальных ліній эканом-класа, а таксама правоз багажу і грузабагажу падаражаў у сярэднім на 15 адсоткаў. Пры праездзе цягнікамі рэгіянальных ліній эканом-класа неабходна заплаціць у сярэднім на 10 працэнтаў больш.
Рашэнне пра перагляд тарыфаў прынята Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі ў рамках запланаванага павышэння рэгулюемых коштаў і тарыфаў у бягучым годзе, каб падтрымаць узровень акупляльнасці перавозак пасажыраў чыгуначным транспартам.