“Культурныя” пытанні

13 жніўня адбылася прамая тэлефонная лінія з начальнікам галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Ірынай Дрыга. Ірына Уладзіміраўна адказала на пытанні жабінкаўцаў, якіх цікавіла накіраванне і замацаванне маладых спецыялістаў культурнай сферы ў раёне, арганізацыя гастроляў акадэмічных тэатраў рэспубліканскага ўзроўню ў Жабінку. Адно з пытанняў тычылася вырабу беларускіх нацыянальных касцюмаў для калектываў мастацкай самадзейнасці. Былі абмеркаваны і праблемы цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, а таксама раённага гісторыка-краязнаўчага музея.
Асабісты прыём Ірына Дрыга праводзіла падчас наведвання устаноў культуры Жабінкаўшчыны. Дадзены фармат дазваляе аператыўна вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць на месцах.

Аднойчы 30 год назад

У ноч з 18 на 19 жніўня 1991 года адбылася падзея, якая вызначыла лёс народаў і краін. Зараз па-рознаму ацэньваюць падзею ў Маскве 30-гадовай даўніны, калі быў адхілены ад улады першы і апошні прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў. “СП” у тыя важныя дні змясціла ўсяго дзве невялічкія заметкі: 20 жніўня — Указ віцэ-прэзідэнта СССР Генадзя Янаева, які прымаў уладу ў свае рукі, а ў наступным нумары — указы самога Міхаіла Сяргеевіча аб ліквідацыі Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы (па-руску — ГКЧП). Працягам тых падзей стала ліквідацыя ў канцы 1991 года СССР і ўтварэнне новымі незалежнымі рэспублікамі СНД. У гэтых працэсах актыўна ўдзельнічала і Беларусь. Дарэчы, 28 ліпеня гэтага года памёр Алег Бакланаў — апошні з удзельнікаў жнівеньскіх падзей 1991 года, які ўваходзіў у склад ГКЧП.

Зацікавіў валанцёрскі праект ад СШ № 2

У сталіцы нашай краіны адбыўся фестываль метадычных распрацовак па арганізацыі тэматычных заняткаў па валанцёрстве. Яго арганізаваў рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр. У мерапрыемстве паўдзельнічалі прадстаўнікі устаноў адукацыі Беларусі, якія каардынуюць валанцёрскія цэнтры і атрады. Гасцей фестывалю вітала начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Таццяна Сіманоўская. Удзельнікі прадставілі свае ідэі і праекты, абмяняліся вопытам на тэматычных пляцоўках. Вялікую цікавасць выклікаў інфармацыйны матэрыял па экалагічным і сацыяльным валанцёрстве, прэзентаваны намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце другой гарадской школы Жабінкі Наталляй Урбан.

Конкурс “Знайсці свой шлях”.
Вынікі падведзены

На мінулым тыдні адзначаўся Міжнародны дзень моладзі. У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва напярэдадні яго на працягу месяца праходзіў міжрэгіянальны дыстанцыйны конкурс “Знайсці свой шлях” для дзяцей-сірот. Удзельнікі павінны былі прадставіць фотакалажы, а на іх адлюстраваць пазітыўныя бакі свайго жыцця. У цэнтр паступілі 12 заявак. І вось падведзены вынікі.
Першае месца заняла Анастасія Мшар з Брэста. Калісьці дзяўчына вырашыла для сябе, што свет будзе ганарыцца ёю, і стала чэмпіёнкай краіны, майстрам спорту ў цяжкай атлетыцы. За актыўную жыццёвую пазіцыю і творчы падыход другое месца ў драгічынкі Карыны Каўганка, трэцяе — у Вольгі Зелянко з Бярозы.

У музеі — “магічная” спадчына

У Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі праходзіць выстава “Магія ручніка”. Завітайце ў Малыя Сяхновічы, дзе вы зможаце на ўласныя вочы пабачыць беларускія абрусы і ручнікі XIX–XX стагоддзяў, упрыгожаныя цудоўнымі нацыянальнымі арнаментамі.