Александрыя збярэ сяброў
Рэспубліканскае свята “Купалле” — “Александрыя збірае сяброў” пройдзе сёлета ўжо ў дзясяты раз і ўкладзецца ў адзін дзень — 10 ліпеня.
Як паведаміла кансультант упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Беларусі Іна Мардусевіч, асноўнымі мерапрыемствамі стануць цырымонія адкрыцця, уганаравання перадавікоў АПК, канцэрты артыстаў эстрады, начная дыскатэка.
Дзмітрый Дзямчук — Чалавек года
Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт прысвоіў ганаровае званне “Чалавек года Брэстчыны” за вялікі ўласны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна па выніках работы за 2020 год 15 прадстаўнікам вобласці. Сярод удастоеных ганаровага звання ў галіне транспарту і сувязі — начальнік Жабінкаўскага ўчастка электрасувязі Кобрынскага занальнага вузла электрасувязі Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам” Дзмітрый Дзямчук. Віншуем з такой высокай адзнакай працоўных дасягненняў.
80 гадоў атраду Чарнака
Напрыканцы чэрвеня адзначалася чарговая юбілейная дата: роўна 80 гадоў таму ў Старасельскім лесе быў арганізаваны першы па часе партызанскі атрад на Беларусі. У ноч на 25 чэрвеня 1941 года байцы Брэсцкага гарнізона на чале з лейтэнантам Сяргеем Шыканавым і мясцовыя патрыёты распачалі барацьбу ў тыле ворага. Старасельскі атрад з чэрвеня 1943 года насіў імя легендарнага разведчыка, нараджэнца Старога Сяла Міхаіла Мікітавіча Чарнака (1911-1943). Камандавалі народнымі мсціўцамі Сяргей Шыканаў (з чэрвеня 1941 па чэрвень 1943 года), Леанід Бізяеў (чэрвень — жнівень 1943-га), Рамазан Козыраў (паміж жніўнем 1943-га і сакавіком 1944 года), Іван Хоміч (красавік — ліпень 1944-га). На рахунку адважных чарнакоўцаў — дзясяткі аперацый, якія набліжалі вызваленне.
“Прывітанне, дачка”
Менавіта так называўся малюнак сямікласніцы першай гарадской школы Ксеніі Асокінай, які ўдзельнічаў у конкурсе дзіцячага малюнка “Свята Перамогі”, прысвечаны пачатку Вялікай Айчыннай вайны і гераічнай абароне Брэскай крэпасці. Творчае ўвасабленне гэтай тэмы прынесла перамогу дзяўчынцы на раённым узроўні, а потым і на абласным — малюнак адзначаны дыпломам ІІ ступені.
