Турыстычныя маршруты робяць родны край бліжэй
У час канікулаў і адпускоў многія зацікаўлены, каб зрабіць адпачынак карысным. У гэтым могуць дапамагчы даведнікі рэгіянальных экскурсійных маршрутаў, распрацаваныя ўдзельнікамі абласнога этапа конкурсу “Дарогамі ведаў”. У ім паўдзельнічала больш за сотню канкурсантаў Брэстчыны. Прыемна, што сярод іх журы адзначыла дыпломамі і прадстаўнікоў Жабінкаўскай школы-інтэрната. Узнагароды атрымалі навучэнцы выпускнога класа (кіраўнік працы над даведнікам — педагог-арганізатар Крысціна Андрасюк) і вучаніца Вераніка Анташок (дзяўчынцы дапамагалі ствараць турыстычныя маршруты Жабінкаўшчыны выхавальніцы Алена Бензярук і Рыта Якіменка).
У справе — юныя пажарныя
У аграгарадку Навасёлкі Кобрынскага раёна тры дні панавала асаблівая атмасфера: сюды з’ехаліся юныя выратавальнікі-пажарныя з розных куткоў Брэстчыны. Іх сабраў абласны злёт-конкурс па факультатыўнаму курсу “Бяспека жыццядзейнасці”. Наш раён прадстаўляла зборная каманда 10-х класаў гарадскога ліцэя. У конкурсах “Палатачны гарадок”, “НС тэхнагеннага характару”, “Баявое разгортванне”, “Водная перашкода”, “Аказанне першай дапамогі” юнакі і дзяўчаты змаглі праявіць веды і ўменні на практыцы, а яшчэ прадэманстравалі творчасць і крэатыўнасць. Наша каманда не стала пераможцай, але годна прэзентавала сябе.
Дзве ўзнагароды для Жабінкаўшчыны
Сталі вядомыя вынікі абласнога этапу традыцыйнага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачыма дзяцей”. У гэтым годзе ў Жабінкаўшчыны дзве ўзнагароды. У намінацыі “Малюнак” (узроставая група 11-14 гадоў) першае месца заваявала работа “Выратаванне жыцця”, якую на конкурс адправіў вучань Маціевіцкай базавай школы Ілья Лугоўскі. Заахвочвальным прызам ад Дзяржпрамнагляду па тэматыцы “Прапаганда прамысловай бяспекі і бяспекі перавозкі небяспечных грузаў” адзначана казка Паліны Давідзюк (Ракітніцкая СШ). Віншуем юных жабінкаўцаў з добрымі вынікамі!
Не забудзь камізэльку!
У ходзе правядзення спецыяльнага комплекснага мерапрыемства “Увага — дзеці!” супрацоўнікамі АДАІ Жабінкаўскага РАУС на вуліцах горада была арганізавана прафілактычная акцыя пад дэвізам “Калі сеў на веласіпед, не забудзься надзець камізэльку!”. У яе рамках работнікі аддзела правялі прафілактычныя размовы з веласіпедыстамі аб правілах паводзін на дарозе ў дзённы і начны час, а таксама ўручылі ўдзельнікам камізэлькі павышанай бачнасці. Супрацоўнікі нагадваюць: у адпаведнасці з патрабаваннямі ПДР рух на веласіпедзе павінен ажыццяўляцца па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці — па абочыне, тратуары або пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкоды для бяспечнага руху пешаходаў. Пры адсутнасці названых элементаў дарогі ці немагчымасці руху па іх дапускаецца рух веласіпедыстаў па праезнай частцы ў адзін шэраг не далей за 1 метр ад яе правага краю. У цёмны час сутак на веласіпедзе або мапедзе павінны быць уключаны фары белага (спераду) і чырвонага (ззаду) святла.
Замест цыгарэты — нож?
Каля гадзіны дня 28 мая ў Жабінкаўскім РАУС з раённай бальніцы паступіла паведамленне, што на лячэнне дастаўлены 22-летні жыхар раёна з нажавым раненнем. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку высветлілі, што раненне прычыніў 23-летні жыхар Жабінкі. Як аказалася, падазраваемы падышоў да кампаніі маладых людзей і папрасіў запаліць. Паміж мужчынамі завязалася сварка. У выніку аднаму з іх затрыманы пырнуў нажом у бок. Вядома, што апошні час фігурант нідзе не працуе і злоўжывае спіртнымі напоямі. Ён неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за незаконны зварот наркотыкаў і супраціўленне супрацоўнікам міліцыі. Узбуджана крымінальная справа.
