Падарункі для самых маленькіх
Работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва павіншавалі жабінкаўцаў з Міжнародным днём абароны дзяцей. Кожны з іх верыць у цуд. Ведаючы гэта, спецыялісты ўстановы вырашылі стаць добрымі чараўнікамі. Яны наведалі шматдзетныя сем’і, а таксама тыя, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Госці перадалі малым мяккія цацкі і добрыя пажаданні. Мерапрыемства прайшло ў рамках дабрачыннай акцыі “Падорым радасць дзецям”.
Апрані вышыванку і зрабі фота
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі запрашае паўдзельнічаць у шостым сезоне фотаконкурсу “Сэлфі&фота з вышыванкай”. За пяць гадоў праект аб’яднаў тысячы маладых людзей з розных куткоў краіны. Толькі ў мінулым годзе ў адрас арганізатараў прыйшло больш за 2,7 тысячы здымкаў, актыўны ўдзел прымалі і жабінкаўцы. Ёсць магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці і ў гэтым годзе — работы прымаюцца да 23 чэрвеня ўключна. Калі жадаеце паўдзельнічаць у намінацыях “Фота дзіцяці ў вышыванцы”, “Фота закаханых ў вышыванцы”, “Мая сям’я ў вышыванцы”, “Моладзь у вышыванцы”, “Вышыванка і дзяржаўны сцяг”, “Сцяг маёй краіны”, зайдзіце ў любую афіцыйную групу БРСМ у сацыяльных сетках, выкарыстайце QR-код і адпраўце фатаграфію. Для ўдзельнікаў намінацыі “Сэлфі-фота” ўмовы адрозніваюцца. Тут неабходна апублікаваць здымак у асабістым профілі ў Instagram, пазначыць хэштэгі #сэлфізвышыванкай, #дзеньвышыванкi, #мойсцяг і адзначыць у публікацыі афіцыйны акаўнт БРСМ @brsm_by.
Каб рукі не сумавалі
У Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі праходзіць выстава “Нашы рукі не для суму”. Наведвальнікі змогуць убачыць прадметы для сталярнай справы і вытворчасці дома, якія выкарыстоўваюцца і цяпер. Зазірніце на займальную экскурсію, а таксама пазнаёмцеся з выставай, якая працягнецца да 16 чэрвеня. Нагадваем, што музей знаходзіцца ў Малых Сяхновічах. У панядзелак і аўторак ўстанова не працуе.
Сумесны рэйд
Супрацоўнікі АДАІ Жабінкаўскага РАУС сумесна з работнікамі РАНС правялі рэйдавыя мерапрыемствы па выкананні кіроўцамі Правілаў дарожнага руху па забеспячэнню бесперашкоднага праезду транспартных сродкаў аператыўнага назначэння. Спецыялісты адзначылі, што невыкананне гэтых правілаў прыводзіць да накладання штрафу ў памеры ад 2 да 10 базавых велічынь з пазбаўленнем права займацца пэўнай дзейнасцю тэрмінам да аднаго года або без пазбаўлення. Будзьце ўважлівымі і ўзаемаветлівымі на дарозе!
Падборку падрыхтавала Дар’я НІКАНЧУК
