Годнае выступленне юнармейцаў

Завяршыўся абласны этап ваенізаванай гульні “Зарніца”, дзе наш раён прадстаўляла каманда “Адважныя” з трэцяй гарадской школы. Першы дзень стаў вельмі насычаным: агляд строю і песні, прэзентацыя баявых лісткоў, конкурс “Снайпер”, зборка аўтамата, інтэлектуальны квіз, ноч ваеннага кіно. На наступны дзень адбыліся эстафета і конкурс “Лепшы бівуак”, падвядзенне вынікаў і ўрачыстае закрыццё.
Найлепш праявіла сябе ў гульні Караліна Куцішка. Дзяўчына заваявала першае месца ў конкурсе “Лепшы камандзір”, стала самым трапным снайперам сярод дзяўчат, а разам з Яўгенам Пракопчыкам займела агульнае трэцяе месца ў гэтым этапе спаборніцтва. На трэцяй прыступцы наша каманда апынулася і ў ваенізаванай эстафеце. У цэлым сярод двух дзясяткаў каманд-удзельніц “Адважныя” сталі восьмымі — гэта вельмі годны вынік на абласным узроўні. Хлопчыкі і дзяўчынкі, а таксама райкам маладзёжнай арганізацыі выказваюць падзяку трэнеру атрада Юрыю Лісаўцу за выдатную падрыхтоўку да няпростага спаборніцтва.

Студатрады на нізкім старце

У рамках правядзення “Зарніцы” адбылося ўрачыстае ўручэнне пуцёвак камандзірам тэрытарыяльных штабаў студэнцкіх атрадаў. З рук першага сакратара Брэсцкага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Юрыя Сегенюка запаветны дакумент атрымала лідар нашай маладзёжнай арганізацыі Кацярына Андрасюк. Яна нагадала: на Жабінкаўшчыне студатрадаўцы будуць рупіцца на шасці прадпрыемствах. Першымі, з 14 чэрвеня, да працы прыступяць маладыя людзі ў ПМК-10. Затым у летні працоўны семестр увальюцца ЖКГ, ААТ “Ракітніца” і “Вазнясенскі”, цукровы завод і санаторый “Надзея”. Карысна правесці адпачынак змогуць многія юныя жабінкаўцы — у студатрады прымаецца моладзь з 14 гадоў.

Падарункі ў гонар важнага свята

Напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей гасцей прымаў цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Павіншаваць выхаванцаў прыйшлі першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Андрасюк, начальнік аддзела загса Галіна Аксюцік, рэжысёр раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Яна Макасюк і казачныя героі, ролі якіх выканалі навучэнцы ліцэя Марына Грыгор’ева і Ганна Дземянчук. Пасля цёплых слоў госці прапанавалі хлопчыкам і дзяўчынкам паўдзельнічаць у цікавай забаўляльнай праграме. Пасля сумесных гульняў і конкурсаў дзеткам уручылі паветраныя шары і падарункі.

Нестандартныя падыходы МНС

Правілы бяспекі можна вучыць цікава і лёгка, што асабліва важна для маленькіх грамадзян. МНС усё часцей выкарыстоўвае ў рабоце крэатыўныя спосабы, якія дапамагаюць простай мовай расказаць дзецям, як дзейнічаць у надзвычайнай сітуацыі. Напрыклад, эфектыўна размясціць сацыяльную рэкламу на таварах народнага спажывання. Так, на паліцах у прадуктовых магазінах нашага горада можна заўважыць малочную прадукцыю ААТ “Беллакт” з героямі мультсерыяла “Чароўная кніга”, якія дзеляцца з дзецьмі і іх бацькамі карыснымі і важнымі парадамі аб правілах паводзін пры надзвычайных сітуацыях. Нагадаем таксама, што ў Жабінцы рэалізоўваецца прадукцыя нашага цукровага завода з рэкламай супрацьпажарнай накіраванасці.
Напярэдадні летніх канікулаў МНС падрыхтавала карысную памятку для бацькоў. Вядома, немагчыма прадугледзець усе сітуацыі, але навучыць дзіця быць асцярожным можна і трэба. Ніхто не зможа зрабіць гэта лепш, чым бацькі. Увага, любоў і клопат — унікальныя сродкі для абароны дзяцей ад магчымай бяды.

Рэйд дзеля бяспекі

Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі сумесна з прадстаўніком УП “Белтэхагляд” правялі рэйдавыя мерапрыемствы, накіраваныя на бяспеку перавозкі пасажыраў. Гэта неабходна для папярэджання дарожна-транспартнага траўматызму. У ходзе рэйду выявілі адно парушэнне Правілаў дарожнага руху. Спецыялісты нагадваюць аб недапушчэнні фактаў кіравання транспартнымі сродкамі ў нецвярозым стане, без валодання правам кіравання, іншых грубых парушэнняў правілаў. Паважаныя вадзіцелі, не аказвайце негатыўны ўплыў на дарожную абстаноўку, не парушайце рэжым працы і адпачынку.
Падборку падрыхтавала Дар’я НІКАНЧУК