Вулічнае жыццё…
праз лінзу фотааб’ектыва

Аляксей Ганчук пасябраваў з фотаапаратам яшчэ ў школьныя гады і не расстаецца з камерай ужо некалькі дзесяцігоддзяў. Ён умее бачыць незвычайнае і прыгожае праз аб’ектыў, спыняючы імгненне пстрычкай затвора.
Аляксей Іванавіч неаднойчы станавіўся пераможцам шматлікіх раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, радаваў выставамі з фотапартрэтаў і эцюдаў. А нядаўна майстар паўдзельнічаў у тэматычным конкурсе “Вулічнае жыццё ў яркіх фарбах”. Па выніках асноўнага галасавання работы аўтара ўвайшлі ў топ 29 % лепшых фатаграфій конкурсу. Усяго ўдзел прынялі 4510 чалавек са 120 краін і 1408 гарадоў. У агульнай колькасці на конкурс было пададзена 12222 фатаграфіі. Высокі рэйтынг работ фотамастака з Жабінкі — прызнанне яго майстэрства на міжнародным узроўні.

Сімвалы дзяржавы — гісторыя народа

Напярэдадні святкавання Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь у Маціевіцкай базавай школе ладзіўся адкрыты дыялог “Сімвалы годнасці, гонару і славы”. Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з гісторыяй сімвалаў нашай дзяржавы: гербам, сцягам і гімнам — з вуснаў шаноўнага госця — старшыні Крыўлянскага сельвыканкама Анатоля Марчука. А вось на дыялогавай пляцоўцы па гэтай тэме, што праходзіла ў трэцяй гарадской школе, пра шляхі станаўлення і развіцця дзяржаўнай сімволікі школьнікам расказала памочнік пракурора Таццяна Жарынава. Яна нагадала, як важна быць патрыётамі і любіць сваю Радзіму.

Падарылі дзецям радасць

Навучэнцы, бацькі і настаўнікі другой гарадской школы напярэдадні свята Вялікадня паўдзельнічалі ў дабрачыннай акцыі “Спяшайцеся падарыць дзецям радасць”. Яны прынеслі шакалад, цукеркі і печыва ў школу, а юныя валанцёры адвезлі саладосці ў Брэсцкую дзіцячую абласную бальніцу, тым самым праявілі міласэрнасць і клопат пра дзетак, якім зараз няпроста. Вы б бачылі, як радаваліся валанцёрам малышы і іх бацькі, якія такое цудоўнае свята вымушаны былі сустракаць на бальнічным ложку! Старшыня прафкама дзіцячай абласной бальніцы Вольга Зотава шчыра падзякавала жабінкаўскім школьнікам за смачныя падарункі, што паднялі маленькім пацыентам настрой і яшчэ раз пацвердзілі: цуды на святы магчымы і спрыяюць выздараўленню. Дарэчы, вучні другой гарадской школы ўжо не першы раз праводзяць такія дабрачынныя акцыі.
Варта адзначыць, што дзевяцікласнік Максім Жураўлёў, які захапляецца боксам, мае перамогі рэспубліканскага ўзроўню і выходзіць на міжнародныя арэны, сваю грашовую ўзнагароду патраціў на набыццё ласункаў для ўдзелу ў гэтай акцыі. Памятайце: што ідзе ад сэрца, да сэрца і даходзіць!

Канцэртам адзначылі свята ў Азятах

Многія азятчукі на Вялікдзень прыйшлі ў сельскі Дом культуры і атрымалі асалоду ад выступленняў юных талентаў. У святочным канцэрце, прысвечаным Хрыстову Уваскрэсенню, свой артыстызм ды талент у спевах і дэкламаванні вершаў праявілі хлопчыкі і дзяўчынкі з мясцовага дзіцячага сада, іх выхавальнікі, навучэнцы факультатыва “Асновы праваслаўнай культуры” Старасельскай школы і вучні нядзельнай школы прыхода храма свяціцеля Мікалая Цудатворца. Дзіцячыя яскравыя і непасрэдныя выступленні дапоўнілі таксама дарослыя прафесіяналы — удзельнікі мастацкай самадзейнасці Азяцкага СДК.