“Цвярозы вадзіцель”
Да 19 красавіка на тэрыторыі краіны праходзіць прафілактычная акцыя пад такой назвай. Яна накіравана на папярэджанне і спыненне фактаў кіравання транспартнымі сродкамі нецвярозымі вадзіцелямі. Медыкі расказваюць пра згубны ўплыў алкаголю на здароўе, супрацоўнікі ДАІ — пра наступствы п’янай язды. З пачатку года на Брэстчыне нецвярозыя вадзіцелі сталі вінаватымі ў чатырох дарожна-транспартных здарэннях, у якіх адзін чалавек загінуў, пяцёра атрымалі траўмы. Усяго з пачатку года за кіраванне ў стане ап’янення да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 492 вадзіцелі. Хочацца, каб для кіроўцаў сесці за руль нават пасля глытка алкаголю стала табу, выкліканага не страхам расплаціцца рублём, а ўсведамленнем, што ты становішся патэнцыйным забойцам.
Пра спорт — ад аднагодкаў
У Міжнародны дзень спорту кандыдат у майстры спорту па боксе, дзевяцікласнік другой гарадской школы Максім Жураўлёў сустрэўся з навучэнцамі роднай установы. Максім расказаў, з якімі перашкодамі давялося сустрэцца на спартыўным шляху, дзе шукаў матывацыю і сілы, каб дабівацца перамог на міжнароднай арэне. Мара юнака — стаць майстрам спорту і прадставіць Беларусь на Алімпійскіх гульнях. Школьнікі слухалі юнага спартсмена з цікавасцю, задавалі шмат пытанняў, разгледзелі яго ўзнагароды і пажадалі перамогі на чэмпіянаце Еўропы, што адбу-
дзецца летам у Тбілісі. Паказваюць высокія спартыўныя вынікі таксама і шасцікласнікі Надзея Гурына (плаванне), Максім Рыбак (бокс) і Лізавета Сірата (валейбол). Падчас урока “Алімпійцы сярод нас” юныя спартсмены падзяліліся ўражаннямі ад заняткаў спортам, паказалі свае ўзнагароды.
Паклапоцімся пра бяспеку разам
На Жабінкаўшчыне праходзіць рэспубліканская пажарна-прафілактычная акцыя “За бяспеку разам”. Статыстыка паказвае, што пераважная прычына гібелі людзей ад пажараў у жыллёвым фондзе — няведанне альбо грэбаванне мерамі бяспекі. Таму ініцыятыва праводзіцца з мэтай павышэння ўзроўню бяспекі насельніцтва і накіравана на папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх у жыллёвым фондзе ў вясенне-летні пажаранебяспечны перыяд. Акцэнт зроблены на абследаванне супрацьпажарнага стану домаўладанняў адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых грама-дзян, інвалідаў, сем’яў, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, правядзенне з імі гутарак пра захаванне правілаў пажарнай бяспекі, а таксама інфармаванне насельніцтва аб магчымасцях дзяржаўных арганізацый па аказанні паслуг па забеспячэнні іх бяспекі. Акцыя будзе доўжыцца да 28 красавіка.
Узнагарода за любоў да навукі
Сталі вядомыя вынікі заключнага этапу рэспуб-ліканскіх алімпіяд па школьных дысцыплінах. Па геаграфіі дыплом II ступені прыбыў на Жабінкаўшчыну. Яго заваяваў адзінаццацікласнік Старасельскай сярэдняй школы Андрэй Чарнак. Такая высокая ўзнагарода — вынік вялікай працы як вучня, так і педагога. Дасягнуць мэты дапамагла Святлана Дарашук. Віншуем паспяховы тандэм — гэта агульнае дасягненне настаўніка і выпускніка.
“Сэрца зямлі маёй”
Пад такой назвай адбыўся міжнародны конкурс мастацтваў і творчасці. Дзве ўзнагароды на творчым конкурсе перадалі выхаванцам Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў. У намінацыі “Вакальнае майстэрства, акадэмічны вакал, дуэт” (10-12 гадоў) лаўрэатамі II ступені сталі Марыя Кобак і Вікторыя Кіслая. Сярод хораў дыплом лаўрэата III ступені ў нашага дзіцячага акадэмічнага хору “Мелодыя”. Канкурсантаў падрыхтавала выкладчык Ганна Міхальчук, канцэртмайстрам была Алена Казінская.
