Дапамога ад юрыстаў ФПБ
Істотную дапамогу ў прававой сферы аказваюць працаўнікам юрысты Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Як паведаміла галоўны прававы інспектар працы аб’яднання Ірына Міхновіч, летась правазнаўцы арганізацыі прафсаюзаў нашага рэгіёна склалі 66 працэсуальных дакументаў, з якіх 45 — у судовыя органы. Гэта істотна больш, чым было ў 2019 годзе. Падрыхтавана таксама 14 заяў у камісію па працоўных спрэчках. У 2020-м уступілі ў сілу 29 рашэнняў судоў, вынесеных на карысць людзей працы. У іх разглядзе прымалі непасрэдны ўдзел юрысты прафарганізацый. Для параўнання: пазалетась такіх рашэнняў было ўсяго восем.
Дабрачыннасць са смачнымі начынкамі
Стала традыцыйнай дабрачынная акцыя “Вясёлая Масленіца”, якая праводзіцца на тэрыторыі храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы. Так, 7 сакавіка пасля заканчэння Боскай літургіі ўсіх чакаў смачны сюрпрыз. Вучні, бацькі і педагогі нядзельнай школы, прадстаўнікі маладзёжнага брацтва і юнацкага аб’яднання, слухачы клуба “Вера і жыццё” і школы праваслаўя “Па параду да бацюшкі”, прыхаджане папрацавалі на славу. Падрыхтавалі розныя пачастункі: бліны з начынкамі, пірагі і тарты, кексы і пончыкі, піражкі і трубачкі, піцу ды іншае. А з самавара арганізатары налівалі ўсім жадаючым гарачы чай. За пачастунак удзельнікі дабрачыннага праекта пакідалі ахвяраванне: унеслі свой уклад у будаўніцтва храма ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага ў Жабінцы.
Рэтрапаштоўкі — праз пакаленні
Напярэдадні Дня жанчын у першай гарадской школе прайшлі музейна-педагагічныя заняткі для пяцікласнікаў. У госці да дзяцей запрасілі дырэктара Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Святлану Царук. Яна распавяла пра гісторыю ўзнікнення свята, як яго адзначаюць у розных краінах і з якімі традыцыямі звязана гэтая ўрачыстая падзея. Затым Святлана Анатольеўна паказала хлопчыкам і дзяўчынкам паштоўкі, якія з цёплымі словамі спяшаліся да адрасатаў у СССР, каб павіншаваць з днём вясны, прыгажосці і жаноцкасці. Госця выказала меркаванне, што такія яшчэ могуць захоўвацца ў бабуль пяцікласнікаў як памяць пра маладыя бесклапотныя гады. Дырэктар музея прапанавала прысутным выбраць па адной рэтрапаштоўцы ў падарунак для сваіх родных людзей і напісаць пажаданні. Вось так папяровыя сведкі часу ператварыліся ў злучальную ніць паміж мінулым і сучасным, паміж пакаленнямі!
Што ў мяшку?
Там зусім не кот, а цікавая кніга, заданне на логіку і кемлівасць, а яшчэ маленькі падарунак. Дзе ж адшукаць такія чароўныя мяшэчкі? Знайсці іх можна ў дзіцячай бібліятэцы. Яе работнікі праявілі творчасць, фантазію і крэатыў, каб стварыць незвычайную пляцоўку для дашкольнікаў. Унутры торбачкі любімыя казкі, гісторыі пра жывёл, надалі ўвагу і вобразу матулі. Трэба проста зайсці ў бібліятэку, выбраць свой мяшэчак і атрымліваць асалоду ад таго, што схавана ўнутры. Паспяшайся, юны чытач!
Падарожжа ў сталіцу
Прадстаўнікі нашага маладзёжнага брацтва на чале са сваім кіраўніком святаром Максімам Волкам пабывалі ў Мінску. Пасля чытання вячэрняга малітоўнага правіла госці адправіліся на прагулку па беларускай сталіцы. У нядзельны дзень братчыкі маліліся за позняй Боскай літургіяй у Свята-Духавым кафедральным саборы. Асноўнай падзеяй паездкі стала сустрэча з Высокапраасвяшчэннейшым Веніямінам, мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, які звярнуўся да гасцей са словамі настаўлення. Хлопцы і дзяўчаты сустрэліся таксама з праваслаўным брацтвам у гонар святога апостала і евангеліста Іаана Багаслова. Прадстаўнікі двух маладзёжных аб’яднанняў падзяліліся іх гісторыяй і традыцыямі, расказалі пра сваю дзейнасць. Увечары братчыкі наведалі батутны цэнтр “Hero park” і пакаталіся на каньках. Перад ад’ездам жабінкаўцы прыклаліся да Мінскай іконы Найсвяцейшай Багародзіцы, а таксама да мошчаў святой праведнай Сафіі Слуцкай.
