Сардэчна сустрэла маладзёжная сталіца
У канцы лютага адбылося рэспубліканскае свята “Гродна — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь-2021”. У ліку дэлегатаў Брэсцкай вобласці была намеснік начальніка аддзела сыравіны нашага камбікормавага завода Марына Фісючэнка. “Спачатку ўдзельнікі форуму наведалі Гродзенскі драматычны тэатр, дзе ўбачылі спектакль “Планета”, сюжэт якога захапляе сваёй непрадказальнасцю, — распавяла Марына. — Другі дзень пачаўся з урачыстага мітынгу — мы ўсклалі кветкі да помніка воінам-вызваліцелям. Пабывалі на яркім адкрыцці рэспубліканскага свята, прынялі ўдзел у выставе-прэзентацыі “Гродна — горад магчымасцяў”. Важнай падзеяй форуму стала правядзенне дыялогавай пляцоўкі “Час тваіх магчымасцяў”, дзе ўдзельнікі абмеркавалі праблемныя пытанні, прапановы працуючай моладзі. Надоўга запомніцца экскурсія па старадаўнім Гродне”.
“Выбіраем студатрад!”
У краіне стартаваў промапраект пад такой назвай. Ён дапамагае планаваць працаўладкаванне маладых людзей у студэнцкія атрады і пісьменна каардынаваць гэтую працу. Жадаючым патрапіць у студатрад неабходна запоўніць анкету на працаўладкаванне. Зрабіць гэта вельмі проста і зручна ў інтэрнэце. Першы сакратар РК ГА “БРСМ” Кацярына Андрасюк заўважыла, што ўжо распачалі прыём заявак. На Жабінкаўшчыне тых, хто хоча з карысцю правесці свой вольны час летам, традыцыйна прымае камбікормавы завод, а таксама некаторыя сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна. Напрыклад, такую магчымасць для хлопцаў і дзяўчат ужо шмат гадоў запар прадастаўляе ААТ “Ракітніца”, а летась да ініцыятывы падключыўся і “Рагазнянскі”. У раённы камітэт маладзёжнай арганізацыі жадаючыя могуць звяртацца па тэлефонах 69-5-05 або (+37529)225-66-06.
Сюрпрызаў стала больш
Зусім хутка прадстаўніц прыгожай паловы будуць віншаваць з Жаночым днём. Напярэдадні свята работнікі РК ГА “БРСМ” наведалі аддзел статыстыкі. Віншаванне ад маладзёжнай арганізацыі ўчора прымала намеснік начальніка аддзела Вераніка Гарус. Актывістку БРСМ чакалі цёплыя словы, кветкі і падарунак. Візіт гасцей з моладзевай арганізацыі атрымаўся вельмі прыемным і нечаканым. У панядзелак Вераніку Сяргееўну парадуе сям’я і каханы муж, аднак у гэтым годзе сюрпрызаў, як бачым, стала больш.
Прыемныя аптэчныя навіны
З мэтай павышэння даступнасці лекавых прэпаратаў Брэсцкім РУП “Фармацыя” было прынята рашэнне аб павелічэнні зніжкі. Умовы атрымання засталіся ранейшымі, а з яе памерам можна азнаёміцца непасрэдна ў аптэцы. Спецыялісты таксама нагадалі, што ў сувязі з інфекцыяй COVID-19 некаторыя лекавыя прэпараты часова рэалізуюцца без рэцэпта ўрача.
Якая ноч ваўчыная?
У новым фармаце ў Беларусі прайшоў фестываль “Ноч ваўкоў” — самыя смелыя завіталі на цікавую праграму ў Белавежскую пушчу і аграсядзібы краіны. У яе рамках на аграсядзібу “Стулы” запрасілі нашу вядомую майстрыху Ірыну Коваль, якая на “ты” з мастацтвам саломапляцення. Яна заўважыла, што страшна зусім не было: разам з гасцямі плённа і творча правялі час. Сюды прыехалі людзі рознага ўзросту і з розных куткоў краіны, а Ірына шчодра падзялілася сваімі ведамі і ўменнямі. Майстар-клас ад жабінкаўскай майстрыхі стаў адным з этапаў насычанай праграмы. А далей гулялі па пушчы, шукалі сляды ваўкоў і яшчэ рабілі шмат цікавага. Фестываль нікога не пакінуў абыякавым!
Падборку падрыхтавала Дар’я НІКАНЧУК
