У пошуках даўжнікоў

Месяц таму адбыліся змены ў дзейнасці раённага аддзела прымусовага выканання. Калі раней даводзілася шчыльна працаваць як з даўжнікамі — юрыдычнымі асобамі, так і з прыватнымі грамадзянамі, што маюць запазычанасці, дык цяпер больш увагі сканцэнтравана менавіта на фізічных асобах. Справы, якія тычацца юрыдычных, перадаюцца на рэагаванне і спагнанне даўгоў у абласны аддзел Упраўлення прымусовага выканання. Гэта, бясспрэчна, аблегчыць працу спецыялістаў раённага АПВ. Паколькі нядаўна давялося аб’ехаць многіх юрыдычных асоб на Жабінкаўшчыне па месцы іх рэгістрацыі. Пры гэтым высветлілася, што ніводная з іх не ажыццяўляе сваёй дзейнасці ў раёне, нават па месцах “прапіскі” знайсці іх немагчыма.
У бліжэйшы час чакаюцца таксама змены ў заканадаўстве, якія прывядуць да стварэння экстэрытарыяльнага прынцыпу працы судовых выканаўцаў. У выніку яны, разглядаючы справы даўжнікоў, змогуць выконваць свае абавязкі на ўсёй тэрыторыі краіны.

Узяў крэдыты? Яны не забыты!

Здаецца, не ў лесе, а ў Падлессі жыве грамадзянін Л. Туды даўно дайшла цывілізацыя, але мужчына нібыта не ведае простую ісціну: узяў крэдыт, пакарыстаўся, ды прыйдзе час — вяртаць давядзецца. Даўгоў у яго — лічыць не пералічыць, прычым большасць з іх звязаны з былой жонкай. Калі жылі разам, мужчына неаднаразова браў крэдыты. Аднак як сямейны карабель даў цечу, пазыкі давялося выплочваць не толькі таму, хто ўлазіў у даўгі, але і колішняй жонцы. Такога жанчына цярпець, вядома, не жадала і звярнулася з іскам у суд. У выніку суддзя вынес свой вердыкт: спагнаць з грамадзяніна Л. грошы, якія яго былая жонка ўжо заплаціла па крэдытах, на яе карысць. Наступны лагічны крок, які зрабіла жанчына, — звярнулася ў аддзел прымусовага выканання, каб атрымаць нарэшце грошы з былога мужа. Усё б добра, ды вось бяда: той не затрымліваецца надоўга ні на адной працы. А таму жанчыне даводзіцца штомесяц збіраць дакументы, пісаць новыя заявы ў аддзел. Такім чынам, справа цягнецца ўжо не адзін месяц. Аднак даўжніку нельга ігнараваць яшчэ адну мудрасць: “Узяў крэдыты, яны не забыты”.

Насваволіў у дарозе — не марудзь і заплаці

Апошнім часам сапраўдным патокам у наш раённы аддзел трапляюць справы, звязаныя з парушэннямі правілаў дарожнага руху. Іх звычайна фіксуюць камеры назірання. Патрэбна мець на ўвазе, што дадзеныя парушэнні спецыялісты АПВ выконваюць без прамаруджванняў. Гэта значыць, што тэрмін для нейкага самастойнага выканання ў парушальнікаў надзвычай кароткі. Калі ўжо пра іх свавольствы на дарозе афіцыйна даведваюцца ў аддзеле, грашовыя сродкі імгненна спісваюцца з картачкі праз банк. Для гэтага існуе спецыяльная аўтаматызаваная сістэма інфармацыйнага дакументазвароту (АІСІДО). Як толькі звестка аб парушэнні трапляе ў рэспубліканскую базу, кіроўца атрымлівае ад Міністэрства юстыцыі смс-паведамленне. Каб ваша справа не трапіла да судовых выканаўцаў, адразу пасля гэтага паспяшыце самастойна аплаціць штраф. Зрабіць гэта можна праз інтэрнэт ці непасрэдна ў банкаўскай установе.
Ірына ТЭАДАРОВІЧ, галоўны судовы выканаўца Жабінкаўскага раёна