Зімовыя чэленджы, сустрэчы, дыскусіі

Зіма сёлета багатая на снег. Шчодра ўкрыты ім і дрэвы, і дамы, і падворкі. Толькі для малечы ён у радасць, а для адзінокіх пажылых людзей — у цяжкасць. Паспрабуй парасчышчай дарожкі ў дварах, калі сіл зусім няма і калі праз паўгадзіны не бачна тваёй працы.
На дапамогу адзінокім пажылым жыхарам Жабін-каўшчыны прыйшлі вучні Хмелеўскай, Ленінскай, Ракітніцкай і Крыўлянскай школ — актывісты РК ГА “БРСМ”, якія прынялі ўдзел у чэленджы па ўборцы снегу. Добрая ініцыятыва абавязкова працягнецца! Далучайцеся!

***

Першы сакратар РК ГА “БРСМ” Кацярына Андрасюк арганізоўвае сустрэчы з моладдзю раёна ў рамках праекта “Адкрыты дыялог”. Расказвае пра мэты, задачы, напрамкі дзейнасці маладзёжнага аб’яднання. Прапануе актыўным хлопцам і дзяўчатам стаць часткай арганізацыі, абмяркоўвае з імі хвалюючыя пытанні. Лідар наведала Жабінкаўскую ЖКГ, школу-інтэрнат, Ленінскую адзінаццацігодку. У планах Кацярыны Андрасюк — пабываць у іншых установах адукацыі, а таксама сустрэцца з працуючай моладдзю асноўных прадпрыемстваў.

“З шырока заплюшчанымі вачыма”

Пад такой назвай у цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Жабінкаўскага раёна праходзіць фотаконкурс сярод дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і дзяцей-інвалідаў. Выбірайце намінацыю і ўдзельнічайце. Самае каштоўнае — сям’я, таму гэтай тэме прысвечаны тры катэгорыі: “Сямейныя традыцыі”, “Жанчына — калыска жыцця”, “У аб’ектыве — тата!”. Фотаздымкі, якія адлюстроўваюць традыцыі і абрады, прыгажосць і славутасці Жабінкі, падыдуць для намінацыі “Горад цудоўны фарбамі сваімі”. Надаць увагу блізкім людзям дапаможа катэгорыя “Я і мае сябры”, а паказаць любоў да навакольнага свету дазволяць “Фантазіі роднай прыроды”. Цікавая намінацыя конкурсу “Адзін дзень з жыцця”. Сюды варта аднесці фотаработы, на якіх застылі важныя і хвалюючыя моманты жыцця. Фотаконкурс працягнецца да 18 лютага.

Заплыў па разрад

У Брэсце прайшоў адкрыты турнір па плаванні. Жабінкаўскія спартсмены прадэманстравалі выдатную падрыхтоўку! Яны выступілі вольным стылем на 50-метровай дыстанцыі. Хлопцы дасягнулі наступных вынікаў: Арцём Кандрацюк — 34,11 секунды, Кірыл Яцук — 33,48, Арцём Гваздоўскі — 34,18. Віншуем нашу тройку: іх дасягненні адпавядаюць прысваенню трэцяга спартыўнага разраду на аснове адзінай спартыўнай класіфікацыі Рэспублікі Беларусь. Да спаборніцтваў плыўцоў падрыхтавалі трэнеры Людміла Гаўрылюк і Вольга Міхальчук.

Кніга — лепшы падарунак

Цукразаводская гарадская бібліятэка прапануе жыхарам Жабінкаўшчыны прыняць удзел у розыгрышы. Ён прысвечаны ўсім закаханым… у кнігу. Калі вы адзін з іх, то паспяшайцеся паўдзельнічаць у акцыі “Падарыце кнігу сябру!”. Розыгрыш праводзіцца для дарослых і дзяцей да Міжнароднага дня дарэння кніг. Правілы вельмі простыя. Па-першае, неабходна быць удзельнікам групы Цукразаводской гарадской бібліятэкі “Укантакце” (vk.com/club159662886). Па-другое, варта паставіць лайк на публікацыю аб розыгрышы. Па-трэцяе, трэба зрабіць яе рэпост на сваёй старонцы, які павінен знаходзіцца там да заканчэння розыгрышу. А ён адбудзецца 14 лютага. Паспрабуйце, магчыма, менавіта вы папоўніце сваю кніжную калекцыю новымі сябрамі!

“Герой Двух Кантынентаў” 

Пад такой назвай у Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі дзейнічае новая выстава. Яна прысвечана значнай падзеі — 275-годдзю з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі. У экспазіцыі прадстаўлены розныя матэрыялы, якія дапамогуць даведацца больш пра нашага вядомага земляка. Выстава працуе да 17 лютага. 
Падборку падрыхтавала Дар’я НІКАНЧУК