Колькі нас? Якія мы?
Кожныя дзесяць год у Беларусі праводзяцца перапісы насельніцтва. Мінулай восенню ў краіне ўжо ў трэці раз пасля абвяшчэння незалежнасці беларусы “палічыліся”. А днямі нарэшце афіцыйныя органы падсумавалі і апублікавалі вынікі перапісу-2019.
Цікава, як выглядае ў святле статыстыкі наша Жабінкаўшчына? У цэлым насельніцтва раёна за дваццаць гадоў скарацілася на тысячу асобаў і складае 24779 чалавек. Раней горад і вёска мелі прыкладна аднолькавую колькасць жыхароў. Цяпер карціна істотна змянілася: у райцэнтры — амаль 14 тысяч насельнікаў, а ў сельскай мясцовасці — 10,8 тысячы. Суадносіны мужчын і жанчын яўна не на карысць моцнай паловы: 11514 супраць 13265. Сярэдні ўзрост жабінкаўцаў перапіс вызначыў у 41 з паловай гадоў.
Заснавальнік Ленінскага
Учора свой 88-ы дзень нараджэння святкаваў Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага раёна Мікалай Прасмыцкі. Ён прыйшоў на свет 15 верасня 1932 года ў вёсцы Буйнічы Магілёўскай вобласці. Лёсам Мікалай Аляксандравіч моцна паяднаны з нашай зямлёй. У 1964-1975 гадах узначальваў саўгас “Рагазнянскі”, які стаў пры ім лепшай гаспадаркай раёна — адной з нямногіх у Беларусі, што атрымала ганаровае імя з нагоды 50-годдзя СССР. Мікалая Прасмыцкага справядліва называюць заснавальнікам пасёлка Ленінскі: з яго ініцыятывы з 1966 года праводзілася планавае будаўніцтва новага населенага пункта. З верасня 1975-га па ліпень 1977 года Мікалай Аляксандравіч быў старшынёй Жабінкаўскага райвыканкама, абіраўся дэпутатам аблсавета і Вярхоўнага Савета БССР ХІ склікання. Ён — кавалер ордэнаў Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга і “Знак Пашаны”, два гады таму абвешчаны на Жабінкаўшчыне Ганаровым грамадзянінам. Акрамя таго, ён вядомы і як творчая асоба: пяру Мікалая Прасмыцкага належаць некалькі паэтычных зборнікаў і аўтабіяграфічная кніга “З пекла да крыніц”, выдадзеная ў 2007 годзе.
Святыні памяці
Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей запрашае пазнаёміцца з новай экспазіцыяй. Да нядзелі 18 верасня тут дзейнічае міні-выстава “Святыні нацыянальнай памяці”. Пад адкрытым небам можна ўбачыць ручнікі беларускіх майстрых XIX-XX стагоддзяў з нацыянальным арнаментам.
“СП” нагадвае, што музей знаходзіцца ў Малых Сяхновічах. Працуе з серады па нядзелю з 8 раніцы да 17 вечара. Тэлефон для сувязі: (801641)3-63-45.
Для здароўя і добрага настрою
У мінулую суботу Дзень здароўя для навучэнцаў 6А, 7А і 7Б класаў другой гарадской школы прайшоў у вучэбна-забаўляльным цэнтры “Парк Палянка” на беразе маляўнічага Булькоўскага вадасховішча.
У спецыяльна абсталяваным месцы з выкарыстаннем сучаснага высокатэхналагічнага абсталявання прайшла гульня “Лазертаг”. Хлопчыкі пераадольвалі складаныя этапы скаладрома і вяровачнай трасы, размешчанай на вышыні трох метраў. У камандных спаборніцтвах “Вясёлыя эстафеты” дзеці прадэманстравалі сілу, спрыт і вынослівасць. Спартыўна-аздараўленчыя мерапрыемствы далі добрую магчымасць праявіць сябе, выклікалі дух саперніцтва, перажыванні за поспех таварышаў і шмат станоўчых эмоцый. Кожны мог адчуць сябе альпіністам або проста адважным чалавекам.
Дарэчы, арганізатары прадугледзелі ўсё для бяспекі дзяцей: каскі, страховачныя тросы, побач заўсёды былі вопытныя інструктары. Актыўны адпачынак на прыродзе стаў для вучняў сапраўдным святам і запомніцца надоўга.
На першай прыступцы — нашы баксёры
10-11 верасня ў Баранавічах адбыўся юнацкі турнір па боксе “Адкрыты рынг” установы “Баранавіцкая СДЮШАР прафсаюзаў па спартыўнай гімнастыцы і боксе”. У спаборніцтвах прынялі ўдзел выхаванцы СДЮШАР Жабінкаўскага раёна Аляксей Піўчык (50 кг) і Віктар Халтурын (52 кг). У сваіх вагавых катэгорыях нашы спартсмены сталі пераможцамі і трапілі ў склад зборнай каманды Брэсцкай вобласці для ўдзелу ў юнацкай лізе бокса, якая пройдзе 3 кастрычніка ў сталіцы. Там брастаўчане будуць баксіраваць з прадстаўнікамі Віцебскай вобласці. А да турніру ў Баранавічах жабінкаўскіх баксёраў падрыхтавалі трэнеры Васіль Максіменка, Яўген Градаўляк і Юрый Аўчыннікаў.
