Гатовыя дапамагаць
У Старасельскі вясковы клуб наведалася мабільная брыгада спецыялістаў Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мясцовыя жыхары мелі магчымасць задаць гасцям пытанні і атрымаць тлумачэнні наконт атрымання адраснай дзяржаўнай дапамогі, афармлення сямейнага капіталу, надомнага абслугоўвання, інфармацыйна-кансультацыйных паслуг, што прадастаўляе ТЦСАН. Напрыканцы сустрэчы прадстаўнікоў шматдзетных, няпоўных, малазабяспечаных сем’яў, а таксама пенсіянераў і людзей з інваліднасцю чакала гуманітарная дапамога.
З клопатам пра малую радзіму
Асаблівая ўвага ў Ракітніцкім сельсавеце надаецца добраўпарадкаванню. Сіламі работнікаў сельвыканкама і неабыякавых жыхароў быў арганізаваны суботнік на могілках у Ракітніцы. Да таго ж на працягу ўсяго лета пры неабходнасці касілі траву, адказна сачылі за чысцінёй усіх населеных пунктаў на тэрыторыі сельсавета. Найбольшага клопату патрабуюць цэнтральныя вуліцы, а таксама прылеглая траса.
Бяспека і камфорт — у прыярытэце
Сярэдняя школа ў Хмелеве гатова да пачатку новага навучальнага года. Будаўнікі скончылі бягучы рамонт даху, цяпер наводзяць апошні лоск у кабінетах і калідорах. Актыўна працуе тэхнічны персанал установы адукацыі: мыюць вокны, чысцяць двор ад будаўнічага смецця, добраўпарадкоўваюць клумбы.
Нядаўна адміністрацыя ўстановы правяла тэндар на закупку мэблі, так што ў хуткім часе мясцовыя школьнікі сядуць за новыя парты ў прыгожай і ўтульнай школе. Бяспека і камфорт вучняў заўсёды ў прыярытэце!
Паломніцтва на колах
Кожны год наша маладзёжнае брацтва ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага адпраўляецца ў в
елапаломніцтва. На гэты раз юнакі і дзяўчаты разам са сваім кіраўніком Максімам Волкам пабывалі ў Булькове, дзе наведалі храм Успення Прасвятой Багародзіцы. Іх цёпла сустрэў настаяцель Пётр Дударчук. Ён расказаў цікавыя факты пра храм і правёў экскурсію для гасцей. Напрыклад, заўважыў, што першая царква на гэтым месцы была пабудавана ў 1617 годзе. Па традыцыі ў канцы сустрэчы братчыкі званілі ў званы на тэрыторыі храма. Моладзь падзякавала айцу Пятру за прыём і пачастункі.
Па дарозе юнакі і дзяўчаты зазірнулі і ў Пятровіцкае лясніцтва, дзе пачаставалі ласункамі аленяў. Усяго ў той дзень братчыкі пераадолелі 30 кіламетраў — велапаломніцтва ўдалося!
Нашы юніёры на першынстве
З 17 па 22 жніўня ў Гродне прайшло першынство Беларусі па боксе сярод юніёраў 2004-2005 гадоў нараджэння. У ім прынялі ўдзел 129 спартсменаў. У складзе зборнай Брэсцкай вобласці на спаборніцтвах выступілі выхаванцы СДЮШАР Жабінкаўскага раёна. Так, Максім Ткачук у вагавой катэгорыі 60 кг
заняў трэцяе месца, Максім Жураўлёў (вагавая катэгорыя 63 кг) — пятае. Рыхтавалі нашых баксёраў да першынства трэнеры Юрый Аўчыннікаў, Яўген Градаўляк і Васіль Максіменка.

