ЛУКАШЭНКА АБ ПРАДПРЫЕМСТВАХ: «ДРЭННЫ» ПРЭЗІДЭНТ ТРЫМАЎ ЛІШНЮЮ КОЛЬКАСЦЬ, КАБ ЛЮДЗЕЙ НЕ ВЫКІДВАЛІ НА ВУЛІЦУ
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на МЗКЦ выказаўся аб закліках да забастовак на прадпрыемствах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўніку дзяржавы далажылі, што ў цэлым заводы працуюць. «Я ведаю, нягледзячы на тое, што некаторыя бадзяюцца. Ну, 150 на якім-небудзь прадпрыемстве, нават 200 (чалавек. — Заўвага БЕЛТА) надвор’е не робяць, па-першае. Па-другое, трэба разумець, што «дрэнны» Прэзідэнт трымаў лішнюю колькасць, каб людзей не выкідвалі на вуліцу. Зыходзіць трэба з гэтага. Хто хоча працаваць, няхай працуе. Не хочуць працаваць, што ж, мы іх не прымусім», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца непасрэдна МЗКЦ, Прэзідэнт звярнуў увагу: «Вам тут няма чаго ім тлумачыць. Што яшчэ трэба? Br1,5 тыс. заработная плата (сярэдняя па прадпрыемстве. — Заўвага БЕЛТА), перспектыва, нармальна людзі працуюць. Што ім тлумачыць? Іх проста трэба адзін раз папярэдзіць: хто выйдзе за вароты, назад не вернецца. Гэта ж абароннае прадпрыемства».
Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання МЗКЦ удзяліў шмат часу размове з работнікамі прадпрыемства, адкрыта адказаў на іх вострыя пытанні адносна абстаноўкі ў краіне, расказаў, да чаго ў далейшым могуць прывесці неабдуманыя дзеянні і празмерная палітызацыя.
«Калі вы рабацягі і нармальныя людзі, вы павінны працаваць, мужыкі. Выстаўляйце свае патрабаванні, патрабуйце, крычыце, але толькі не спыняйце вытворчасць, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Яшчэ раз паўтараю (не крыўдзіцеся на мяне), але мяне вы на калені не паставіце. І не рабіце, каб было горш вам і вашым сем’ям. Вы гэта адчуеце праз тыдзень пасля таго, як учыніце бардак на прадпрыемстве. Падумайце над тым, што я сёння гавару і што сказаў учора».
Некаторыя рабочыя звярталіся і з практычнымі пытаннямі. Напрыклад, узнімалася тэма жыллёвага будаўніцтва, падтрымкі ў гэтым плане шматдзетных сем’яў. Прэзідэнт нагадаў, што ў гэтым аспекце ў Беларусі шмат зроблена, і дзяржава мае намер прадаўжаць гэту палітыку.
Кіраўнік дзяржавы таксама пабываў у цэхах прадпрыемства, азнаёміўся з яго работай. Затым наведаў цэхі МАЗа, якія знаходзяцца па суседстве, дзе паразмаўляў з прадстаўнікамі працоўнага калектыву і з імі таксама абмеркаваў бягучую сітуацыю.
«Як бы ні было, я за ўсіх вас адказваю. Нават калі вы не хочаце. І я не хачу гэтай бойкі, таму што мне яна не патрэбна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з работнікамі.
ЛУКАШЭНКА АБ ПРАВАКАВАННІ СІЛАВІКОЎ: ПАТРЭБНА БЫЛА ПАДСТАВА ДЛЯ ТАГО, КАБ ВЫ КРЫЧАЛІ «СЫХОДЗЬ!»
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што на правакацыі і парушэнне грамадскага парадку будзе адпаведны адказ. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, сустракаючыся з работнікамі МЗКЦ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што многія затрыманыя ўдзельнікі масавых беспарадкаў мэтанакіравана планавалі і ўчынялі такія дзеянні, прычым яшчэ ў дзень выбараў, да закрыцця ўчасткаў для галасавання. Многія з іх, як высветлілася, былі ў стане алкагольнага ап’янення або пад уздзеяннем наркатычных сродкаў.
«Я разумею, што многія напружаны сітуацыяй, якая склалася на вуліцах, што там было насілле і гэтак далей і да таго падобнае. Адказваю вам і на гэта пытанне. Патрэбна была падстава для таго, каб вы крычалі: «Сыходзь!» Добрая падстава. Хоць не без таго, вы ведаеце, што я даручыў разабрацца з кожным фактам. Не без таго, што нехта трапіў пад гэту раздачу», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама звярнуў увагу, што сілавыя дзеянні сталі вынікам правакацый з боку некаторых удзельнікаў вулічных беспарадкаў, а аднаму з праваахоўнікаў наогул зламалі пазваночнік. «На правакацыі будзем адказваць адпаведным чынам, — падкрэсліў беларускі лідар. — Супакойцеся. Калі ў кагосьці ёсць дзеці, вазьміце галаву ў рукі і зразумейце, што ніколі ваенны чалавек вам не даруе, калі вы яго б’яце ў спіну на аўтамабілі. Я прасіў да гэтых падзей: не правакуйце іх. Яны будуць абараняць свае сем’і, на якія сёння ідзе націск праз сацыяльныя сеткі».
«Не хочаце насілля, не правакуйце. Вы зразумейце: яны (праваахоўнікі. — Заўвага БЕЛТА) павінны парадак навесці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што дзеючая ўлада не зацікаўлена ў дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне, гэта было ініцыявана іншымі асобамі. «Сітуацыю не я стварыў. Мне навошта гэта сітуацыя? Не патрэбна. Яе стварылі. Чаму амапаўцы аказаліся на вуліцы? Ім што, захацелася? Не. Іх вывелі туды навесці парадак», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, сілы правапарадку накіраваны для забеспячэння бяспекі. «Не ў палітыцы справа — у бяспецы, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы спрабуем не паддавацца на правакацыі».
МЫ ПРАВЯЛІ ВЫБАРЫ, ІНШЫХ ВЫБАРАЎ НЕ БУДЗЕ
У Беларусі правялі выбары і іншых выбараў не будзе. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, сустракаючыся з работнікамі МЗКЦ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Ніколі вы ад мяне не дачакаецеся, каб я пад націскам нешта зрабіў, — падкрэсліў беларускі лідар. — Іх (выбараў. — Заўвага БЕЛТА) не будзе. Таму што не будзе ні МЗКЦ, ні МАЗа, ні БЕЛАЗа, за паўгода мы знішчым усё. Выбары не садзейнічаюць нармальнай абстаноўцы. Прытым мноства праблем цяпер».
«Цывільна адбыліся выбары. Не могуць быць фальсіфікаваны 80 працэнтаў», — падкрэсліў беларускі лідар.
«Я ведаю, разумею, што адбываецца. Таму давайце пагаворым па сутнасці. Вы — рабочыя людзі. Вы таксама мяне ведаеце. Вы заўсёды падтрымлівалі Прэзідэнта. Гэта я ведаю. Няхай не ўсе. Але запомніце, па-мужчынску вам скажу (і вы выслухайце, а потым дзейнічайце, як хочаце): самае страшнае ў жыцці — гэта здрадніцтва. Я не хачу вас папракнуць, што вы камусьці здрадзілі. Таму што я добра ведаю, што адбываецца», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Паслухайце, я ніколі вам не здраджваў і не здраджу, — запэўніў Прэзідэнт. — Жылі, нібыта, спакойна, ціха, зайздросцілі нам, паважалі. Што вы зрабілі з краінай? Вы ж з гэтага будзеце выкарабквацца! Супакойцеся, сядзьце, працуйце. А потым з вамі ў студзені тут сустрэнемся, і вы скажаце, што адбылося і што трэба яшчэ зрабіць».
«Не правакуйце! Я ўсё перажыў. Перажыву і гэта. Але вы думайце аб сабе цяпер. Вось я сёння пайшоў. Што заўтра, вы падумалі? — паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы. — Вы, калі ласка, каб была зарплата, не губіце сваё прадпрыемства. Лукашэнка заўтра пойдзе, але ж вы тут застаняцеся».
