Гандаль не стаіць на месцы
Цяжка ўявіць дзень без наведвання магазіна, павільёна або нейкага кіёска. Зараз у Жабінцы налічваецца больш за дзве сотні гандлёвых аб’ектаў, у тым ліку 82 крамы і 92 павільёны. Увогуле, за апошнюю пяцігодку ў нашым горадзе запрацавала 138 аб’ектаў сферы гандлю — не толькі зусім новых, але й перапрафіляваных. Забяспечанасць насельніцтва райцэнтра гандлёвымі плошчамі, пачынаючы з 2016 года па сённяшні дзень, істотна павялічылася і складае цяпер 724 квадратныя метры на тысячу чалавек пры нарматыве ў 600 “квадратаў”.
Падданы царыцы навук
Здаўна матэматыку называюць царыцай навук. Наш зямляк Аляксандр Варашылаў са школьнай пары верны яе падданы. Заўтра малады вучоны святкуе круглую дату ў жыцці: Аляксандр Аляксандравіч прыйшоў на свет 16 ліпеня 1980 года ў Жабінцы. Ён вучыўся ў БДУ, і гэтая ўстанова стала для Варашылава не толькі альма-матар, але пазней і месцам працы. У 2006 годзе ён абараніў дысертацыю па тэме “Даследаванне дыферэнцыяльных ураўненняў дробнага парадку метадам інтэгральных пераўтварэнняў”, стаў дацэнтам, кандыдатам фізіка-матэматычных навук. Да навуковых інтарэсаў вучонага з Жабінкі адносяцца матаналіз, дробнае вылічэнне і яго прылажэнне, спецыяльныя функцыі. Жадаем таленавітаму земляку поспехаў у навуцы і асабістым жыцці.
“Сям’я талентамі багатая”
Калі так можна сказаць пра вашу сям’ю, то паспрабуйце сябе ў творчым спаборніцтве пад такой назвай! З 18 па 25 ліпеня ў рамках праекта “#РаЗАм з бацькамі” і напярэдадні святкавання дня нашага горада раённая цэнтралізаваная клубная сістэма сумесна з РК ГА “БРСМ” праводзяць сямейны конкурс. Да ўдзелу запрашаюцца актыўныя бацькі, якія выхоўваюць дваіх і больш дзетак.
Адпраўляйце заяўкі на электронны адрас gdk_zhabinka@mail.ru альбо zhabinka-brsm@yandex.by. Неабходна ўказаць колькасць членаў сям’і, асноўныя дадзеныя і нумар тэлефона. Прыходзьце, удзельнічайце і прыемна здзіўляйце!
Аматарам парыбаліць
Надвор’е падказвае, што было б выдатна адправіцца на рыбалку. БРСМ прадастаўляе такую магчымасць! Поўным ходам ідзе збор заявак на ўдзел у абласным злёце рыбаловаў-аматараў. Месца сустрэчы — Бярозаўскі раён, сажалка “Паўднёвае заялоўе”, а адбудзецца ўсё 24-25 ліпеня.
Да ўдзелу дапускаюцца асобы, старэйшыя за 18 гадоў, якія маюць здавальняючы стан здароўя. Падрабязней азнаёміцца з Палажэннем можна ў групе “УКантакце” “Моладзь Жабінкаўшчыны”. Заяўкі чакаюць на электронны адрас zhabinka-brsm@yandex.by. Спяшайцеся, часу застаецца ўсё менш. Ні хваста вам, ні лускі!
Святочная сустрэча
Прадстаўнікі нашага маладзёжнага брацтва ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага пабывалі ў Брэсце. Маладыя людзі наведалі храм Ціхвінскай іконы Божай Маці (менавіта ў той дзень, калі адзначалася свята гэтага абраза), дзе настаяцелем з’яўляецца святар Андрэй Петрусевіч. Доўгі час ён быў клірыкам храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы і кіраўніком “маладзёжкі”. Хлопцы і дзяўчаты не забываюць свайго духоўнага настаўніка, захоўваюць цёплыя адносіны, імкнуцца бачыцца часцей.
Здарэнне ў Крыўлянах
Паведамленне аб узгаранні гаспадарчых пабудоў у двары прыватнага дома паступіла днём 11 ліпеня. Следча-аператыўная група ўстанавіла, што яно адбылося ад кормазапарніка — у выніку выбухнуў газавы балон, што знаходзіўся ўнутры памяшкання. Цялесныя пашкоджанні атрымалі 55-гадовы мужчына і 60-гадовая жанчына. Яны дастаўлены ў бальніцу для аказання медыцынскай дапамогі, зараз пагрозы іх жыццю няма. Таксама знішчаны дзве гаспадарчыя пабудовы, яшчэ дзве — пашкоджаны. Па дадзеным факце працягваецца праверка.
