Калі бацькі — медыкі
Рэдакцыя газеты “Медыцынскі веснік” запусціла конкурс дзіцячага і юнацкага малюнка “Люблю, чакаю дома!” для дзяцей работнікаў беларускіх медыцынскіх арганізацый, навучальных устаноў і прадпрыемстваў, звязаных з нацыянальнай сферай аховы здароўя. Узрост удзельнікаў — ад 3 да 17 гадоў. Тэма конкурсных работ: нацыянальная сфера аховы здароўя і блізкія людзі (мамы, таты, іншыя родныя), па якіх дзеткі сумуюць і хутчэй чакаюць дома. Адсканаваныя або якасна сфатаграфаваныя малюнкі (партрэты і сюжэты “На працы”), якія выкананы ў любой тэхніцы з дапамогай любых мастацкіх сродкаў, прымаюцца да 14 чэрвеня ўключна на электронную пошту info@medvestnik.by. У лісце таксама неабходна ўказаць дадзеныя юнага мастака і дадаць невялікі суправаджальны тэкст аб тым, каму ж прысвечана творчая работа. Пераможцы будуць адзначаны дыпломамі, прызамі і сертыфікатамі на сямейную фотаздымку. Прыемныя бонусы атрымаюць усе ўдзельнікі конкурсу.
Спытае карова, ці кармы гатовы
Як вядома, ад галоднай каровы малака не надоіш, таму нарыхтоўцы кармоў у гаспадарках надаецца пільная ўвага. Так, на Жабінкаўшчыне, каб пракарміць грамадскі статак (а ён налічвае дваццаць адну з паловай тысячу рагуль), неабходна нарыхтаваць 29,7 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву. Надвор’е з частымі дажджамі і адносна цёплымі дзянькамі спрыяе росту сакавітага корму на палях і сенажацях раёна. “Зялёнае” жніво пакрысе набірае абароты. Новенькія касілкі, набытыя летась і сёлета ў ААТ “Арэпічы”, “Ракітніца”, “Мацеевічы”, “Азяты АГРА”, ужо паказалі сябе ў рабоце. Акрамя таго, вось-вось паступяць у “Мацеевічы” і “Арэпічы” кормаўборачныя камбайны замежнай вытворчасці.
101 прычына для шчасця
Напярэдадні Дня абароны дзяцей стала вядома, колькі маленькіх жабінкаўцаў прыйшлі на свет за першыя пяць месяцаў года. Усяго ў раёне нарадзілася 101 дзіця, прычым 67 маленькіх — новыя жыхары райцэнтра. Большасць немаўлятак складаюць хлопчыкі. У 30 выпадках з’яўляліся першынцы, адпаведна ў сарака сем’ях — другое дзіця, у 24 — трэцяе, а ў пяці — чацвёртае. Нарэшце, яшчэ ў дзве сям’і “буслік завітаў” у пяты раз: у Размурата і Наталлі Рахімавых нарадзіўся Андрэйка, а ў Юрыя і Гульміры Вайтовічаў — дачушка Аўрора.
Кніжны агляд – на ютубе
На Жабінкаўшчыне стартаваў конкурс сярод работнікаў бібліятэк раёна пад назвай “Букцьюбер-бібліятэкар: мы прачыталі, а вы?”. Букцьюб — гэта кніжны агляд на YouTube. А дадзены конкурс праводзіцца з мэтай падтрымкі інавацыйных формаў па прыцягненні чытачоў да кнігі, павышэння прафесійнай падрыхтоўкі бібліятэкараў у галіне стварэння вэб-інструментаў па прасоўванні чытання. Анлайн-спаборніцтва будзе праходзіць да 1 ліпеня. Усе аматары чытання могуць паглядзець відэаролікі на YouTube-канале “Жабінкаўская ЦБС бібліятэка”. Зайсці на канал магчыма і праз сайт на адрас www.zhabinkalib.by, націснуўшы на банер “Глядзіце нас на YouTube”. На сённяшні дзень там размешчаны чатыры кніжныя відэаагляды. Іх колькасць будзе расці.
Вабяць велапрагулкі
Вясновае сонейка, чароўны водар бэзу ды прыгажосць квітнеючага наваколля нараджаюць жаданне часцей выбірацца на прыроду. А як жа добра не проста прагуляцца пешшу, а здзейсніць велапрагулку! Вельмі хочац-ца, але няма двухколавага вернага сябра? Гэта не страшна, таму што Жабінкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ажыццяўляе пракат веласіпедаў. Жадаючым неабходна звяртацца на нумар 2-35-64 ці адразу можна завітаць на вуліцу Калгасную, 4.
