Інтэрактыўная карта па памятных мясцінах

Супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу напярэдадні 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне стварылі краязнаўчы вэб-рэсурс “Памяць пра вайну”. Ён уяўляе сабой інтэрактыўную карту “Помнікі Вялікай Айчыннай вайны Жабінкаўскага раёна”, якая ўтрымлівае фатаграфіі, назву, апісанне і месца размяшчэння помнікаў. Электронны дакумент знаёміць больш чым з 40 памятнымі мясцінамі Жабінкаўшчыны.
Вэб-рэсурс, безумоўна, зацікавіць гасцей і жыхароў раёна, маладое пакаленне, якое не ведала жахаў вайны, і ўсіх, хто неабыякавы да гісторыі сваёй малой радзімы. Інтэрактыўную карту можна знайсці на галоўнай старонцы сайта Жабінкаўскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

Вуліцы захоўваюць іх імёны

Да юбілею Перамогі аддзел бібліятэчнага маркетынгу таксама падрыхтаваў краязнаўчы даведнік “Вуліцы захоўваюць іх імёны”. Ён прысвечаны героям Вялікай Айчыннай вайны, імёны якіх ушанаваны ў назвах жабінкаўскіх вуліц, а подзвігі — у памяці нашчадкаў. Жыхарам Жабінкі добра вядомыя вуліцы Зубачова, Наганава, Жмаева, Фядзяя, Базанавай, Дзмітрука, Чарнака, Філіпука, Міхалоўскага, Ракасоўскага, Касмадзям’янскай. У кожнага з гэтых людзей — свая гісторыя, напоўненая гераізмам і адвагай. Абараняючы Радзіму ў цяжкія часы ваеннага ліхалецця, цаной уласнага жыцця яны ўвекавечылі свае імёны. Краязнаўчы даведнік прызначаны для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй нашага краю. Азнаёміцца з ім можна на выставе “Памяць вогненных гадоў”, арганізаванай на абанеменце цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Галіна ДУЛЕВІЧ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу