Канцэрт у славу Перамогі

Да праекта “Беларусь памятае” далучыліся педагогі Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Усе жадаючыя маглі віртуальна наведаць канцэрт: калектыў установы стварыў фільм, прысвечаны Дню Вялікай Перамогі. Творчыя нумары выканалі Антон і Святлана Зотавы, дуэт цымбалістаў Аксаны Лугаўцовай і Вольгі Супрун, трыа акардэаністаў “Гармонія”. Кранальна выступілі інструментальны ансамбль “Тоніка” (кіраўнік Наталля Грэцкая, салістка Аляксандра Белая), вакальны ансамбль “Натхненне” (кіраўнік Наталія Пакроўская), народны аркестр народных інструментаў настаўнікаў установы на чале са Святланай Зотавай. Дапамагалі канцэртмайстары Алена Чаргінец і Святлана Антановіч. Акрамя таго, у канцэрце былі задзейнічаны Ілья Учаеў, Таццяна Зданкевіч, Сяргей Малёваны. За здыманне і мантаж фільма адказваў Павел Ядрэўскі. Поўная версія даступная для прагляду на YouTube.

Дапамога — побач

У сувязі з няпростай эпідэміялагічнай сітуацыяй на Жабінкаўшчыне працягваецца валанцёрская ініцыятыва. Сумесны дабрачынны праект БРСМ, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Беларускага Чырвонага Крыжа накіраваны на дапамогу пажылым людзям і інвалідам. На днях да валанцёраў звярнулася пенсіянерка з вёскі Сакалова: неабходна было набыць прадукты. Актывісты хутка адгукнуліся на просьбу і даставілі патрэбныя тавары. Нагадваем: жыхары, якія маюць патрэбу ў дапамозе, могуць звяртацца па тэлефонах 2-12-29 (ТЦСАН), 2-36-25 (БРСМ).

Вызначаны пераможца

Райкам ГА “БРСМ” прапаноўваў жыхарам Жабінкаў-шчыны паўдзельнічаць у конкурсе “Патрыятычны фотаздымак”, прысвечаным 75-годдзю Вялікай Перамогі. Дасланыя работы былі размешчаны ў маладзёжнай групе ва “УКантакце”, дзе ажыццяўлялася адкрытае галасаванне. Напярэдадні Дня Перамогі арганізатары падвялі вынікі творчага спаборніцтва. Яго пераможцам стала Вольга Булай са здымкам “Перарваныя ўспаміны”. На ім застыў сучаснік у вобразе воіна-вызваліцеля. Лідар маладзёжнай арганізацыі Яўген Мацюшын дзякуе ўсім за ўдзел, а Вольгу чакае падарунак.

Асаблівы “Масквіч”

Многія ведаюць жабінкаўца Аляксандра Быкава — аматара рэтрааўтамабіляў. Іх у яго цэлая калекцыя, але чырвоненькі “Масквіч” асабліва дарагі: на ім змешчаны фотапартрэт дзеда-вызваліцеля Мікалая Быка і кароткая інфармацыя пра ягоныя ўзнагароды побач са словамі “Я памятаю, я ганаруся”. Гэта зацікавіла журналістаў ТРК “Брэст”, таму на тэлеканале “Беларусь 4” можна было ўбачыць рэпартаж пра нашага земляка. На камеру Аляксандр расказаў, што ўся сям’я ведае пра ваенны шлях гераічнага продка, які прайшоў ад Сталінграда да Дрэздэна. Праўнук Ілья нават намаляваў прадзядулю — работа была ацэнена на абласным узроўні! А сястрычка разам з матуляй дзеля паэтычнага конкурсу склалі верш, прысвечаны герою. У Дзень Перамогі родныя абавязкова наведваюць могілкі, дзе пахаваны Мікалай Бык, і дзякуюць за мірнае неба над галавой.

Заспявалі выратавальнікі

Супрацоўнікі сталічнага ўпраўлення МНС разам з заслужанай артысткай Ірынай Дарафеевай зрабілі да 9 Мая сапраўдны творчы сюрпрыз. Выканалі песню “Дзякуй дзеду за Перамогу!” — відэа можна знайсці ў інтэрнэце. На ім адразу пазнаеш ураджэнца Жабінкі Аляксандра Папко, які раней сваімі вакальнымі нумарамі ўпрыгожваў канцэрты нашага горада. Цяпер Саша працуе выратавальнікам у Мінску, але, як бачым, без праблем сумяшчае няпростую справу і творчасць. Жабінкаўцы ганарацца таленавітым земляком.

Шчырая праца напярэдадні свята

11 мая царква адзначыла дзень памяці свяціцеля Кірылы, біскупа Тураўскага. Гэта прастольнае свята храма, які будуецца ў цэнтры Жабінкі. Напярэдадні падзеі наша маладзёжнае брацтва актыўна паўдзельнічала ва ўборцы тэрыторыі ля новага храма.
Падборку падрыхтавала Дар’я НІКАНЧУК