Бальніцы і цэнтры атрымаюць падтрымку
Праграма трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча—Беларусь—Украіна” на 2014-2020 гады, якую фінансуе Еўрасаюз, вылучыць медустановам трох краін сродкі на барацьбу з COVID-19. Падтрымку для барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй атрымаюць бальніцы, у іх ліку і Жабінкаўская ЦРБ, і цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. За выдаткаваныя сродкі ўдзельнікі 12 трансгранічных праектаў змогуць набыць дадатковае абсталяванне ці правесці мерапрыемствы для лепшага рэагавання на крызісную сітуацыю.
“Умельцы Брэстчыны”
Пад такой назвай не першы год у вобласці прафсаюзы ладзяць конкурс прафесійнага майстэрства. Надзвычай прыемна, што сёлета ў ліку пераможцаў нашы землякі. Патрабавальнае журы назвала найлепшымі — сапраўднымі ўмельцамі сваёй справы — настаўніцу Алену Ануфрыюк, якая выкладае матэматыку ў другой гарадской школе, паштальёна аддзялення паштовай сувязі “Жабінка-1” Ірыну Пахомскую і вадзіцеля аўтамабіля аварыйна-дыспетчарскага ўчастка Жабінкаўскага раёна газазабеспячэння Дзмітрыя Касянюка. Віншуем пераможцаў з заслужаным прызнаннем іх прафесійных заслуг на абласным узроўні!
Мыць рукі – важна
Учора адзначаўся Сусветны дзень гігіены рук: дзве лічбы “пяць” у даце сімвалізуюць колькасць пальцаў на кожнай руцэ. Ён яшчэ раз нагадвае, што такая нескладаная працэдура, як мыццё рук, — вельмі эфектыўны спосаб абараніць сябе ад мноства небяспечных захворванняў. Незахаванне правілаў гігіены можа прывесці да заражэння кішэчнымі інфекцыямі, халерай, брушным тыфам, гельмінтозамі ды іншым. У сённяшняй эпідэміялагічнай сітуацыі мыццё і апрацоўка рук набылі асаблівы сэнс. Не грэбуйце гэтай важнай працэдурай: ваша здароўе – у чыстых руках!
Працягваем дапамагаць медыкам
Героі нашага часу — медыцынскія работнікі, якія самааддана працуюць у складанай эпідэміялагічнай сітуацыі. Яны шчыра ўдзячны ўсім валанцёрам Жабінкаўшчыны, што дапамагаюць у іх няпростай справе. Днямі да дабрачыннай ініцыятывы далучыліся супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. На сабраныя калектывам грошы набылі неабходныя сродкі аховы і перадалі нашай бальніцы. Паўдзельнічаць у добрай справе можа кожны жадаючы!
Наведваць лясы дазволена
У сувязі з тым, што на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна ўстанавіўся другі клас пажарнай небяспекі лясоў, а таксама нармалізавалася абстаноўка ў гэтым плане, Кобрынскі доследны лясгас інфармуе жабінкаўцаў пра адмену забароны на наведванне лясоў. Так што сядайце ў аўто або на веласіпед і гайда на ўлонне прыроды наталіцца свежым хваёвым паветрам, паслухаць спеў птушак і паразважаць пра жыццё-быццё. Пры гэтым усё ж такі не забывайце захоўваць правілы пажарнай бяспекі.
Вогненная бяда
У Вярхах на вуліцы Цэнтральнай адбыўся пажар. Агонь знішчыў гаспадарчую пабудову, а таксама пашкодзіў жылы дом. Прычыны высвятляюцца, ёсць версія, што надзвычайная сітуацыя здарылася з-за неасцярожнага абыходжання з агнём.
***
Бяда здарылася на вуліцы Цэнтральнай у Стаўпах: згарэў жылы дом, агонь пашкодзіў таксама два суседнія. На месцы здарэння праводзіцца праверка.
***
У многіх раёнах, у тым ліку і ў Жабінкаўскім, гараць тарфянікі. Вельмі часта лясныя і тарфяныя пажары ўзнікаюць праз элементарную чалавечую няўважлівасць і безадказнасць. Супрацоўнікі РАНС у першую чаргу звяртаюцца да аматараў рыбнай лоўлі: не спальвайце расліннасць паблізу рэк і каналаў, на землях, дзе раней праводзілася торфараспрацоўка, не разводзьце там кастроў. Работнікі аддзела ажыццяўляюць рэйды па абследаванні лясных і тарфяных масіваў, падчас якіх перыядычна дапамагае фотастудыя “Маска” — арганізуе здымкі квадракоптарам.
