Далучыліся старасельцы
Працягваюцца мерапрыемствы ў рамках месячніка па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі. Да добрай справы далучыліся вучні Старасельскай сярэдняй школы — актывісты БРСМ. Яны навялі парадак на брацкай магіле партызан атрада імя Міхаіла Чарнака, якая знаходзіцца ў вёсцы. Гэта месца пахавання Мікалая Ануфрыюка і Васіля Курылава.
Пасевы чакаюць дажджу
Вясна сёлета, здаецца, выпрабоўвае на трываласць жывёльны і раслінны свет: сакавік і красавік не парадавалі дожджыкамі, усё сохне, на палях падымаюцца пылавыя завеі і ствараюцца пясчаныя барханы. Пасевам няпроста ў такіх умовах укараняцца і набіраць сілу. І калі дбайны гаспадар-садавод дапаможа наталіць смагу пасеяным на градцы бурачкам, моркве, агуркам з дапамогай лейкі, дык зерневыя, кукуруза і цукровыя буракі на палях спадзяюцца толькі на дажджавыя аблокі. А іх, на жаль, сіноптыкі пакуль не абяцаюць.
Аграномы аглядаюць пасевы і з жалем канстатуюць: на Жабінкаўшчыне многія плошчы будучага ўраджаю пашкоджаны пылавымі завеямі ці ўвогуле загінулі — а гэта звыш 1,5 тысячы гектараў! Калі сухое надвор’е будзе трымацца і далей, іх колькасць, зразумела, будзе расці. Давядзецца перасяваць частку палёў. Дождж вельмі патрэбен!..
Грэчка, твой выхад!
На ўзроўні ўрада прынята рашэнне забяспечыць краіну грэчкай, вырашчанай на беларускіх палях. Аграномам у сельгасарганізацыях давялося тэрмінова пераглядаць планы пасяўных плошчаў, каб выканаць даведзеныя (у многіх яны падраслі ў два-тры разы). Жабінкаўшчына таксама не засталася ўбаку ад харчовай палітыкі. Сёлета на палях нашых сельгасарганізацый вырошчваць грэчку будуць ажно на 300 гектарах (для параўнання: летась убіралі ўраджай на 60 гектарах). Гэтай справай зоймуцца аграрыі ААТ “Ракітніца” (100 га), “Хмелева” (80 га) ,“Вазнясенскі” (70 га) і “Рагазнянскі” (50 га). Як запэўнілі ў райсельгасхарчы, насенне грэчкі закуплена пад поўную патрэбу, сеялак хапае, вопыт вырошчвання таксама ёсць. Гэтая культура ў доглядзе не надта капрызная. Сеяць пачнуць, як толькі ўсталюецца патрэбнае надвор’е.
На “каруселі”… каровы
Чарговая малочнатаварная ферма, разлічаная на 720 галоў, пачала будавацца ў аграгарадку Вялікія Якаўчыцы. Ужо заліты падмуркі двух кароўнікаў і даільнага блока. Яны размясціліся побач з ужо існуючымі памяшканнямі МТФ “Якаўчыцы”. Унікальнасць гэтага аб’екта ў тым, што даіцца рагулі будуць на “каруселі”, г.зн. неабходнае абсталяванне манціруецца не паралельна, а па крузе, што нагадвае карусель. Начальнік райсельгасхарчу Жабінкаўскага райвыканкама Аляксандр Кучынскі адзначыў, што падобных малочных комплексаў у рэспубліцы не так многа, а ў нашым раёне — увогуле першы. Гэта будзе цікавы вопыт як для жывёлаводаў, так і для спецыялістаў. Мяркуецца здаць аб’ект напрыканцы бягучага года.
Памяці ахвяр Чарнобыля
У другой гарадской школе адбылася акцыя, прысвечаная памяці ахвяр чарнобыльскай катастрофы “Гэта горкае слова — Чарнобыль”. Вучні вырабілі некалькі дзясяткаў рознакаляровых жураўлікаў з паперы і прымацавалі іх на галінах дрэў на школьнай алеі.
