Навялі парадак
У рамках месячніка па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі, напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі актыўна папрацавалі валанцёры атрада “Добрае Сэрца” першай гарадской школы — прадстаўнікі БРСМ. Дапамагала школьнікам педагог-арганізатар установы Яўгенія Дземідзюк. Разам акультурылі тэрыторыю вакол помніка воінам-інтэрнацыяналістам на вуліцы Кірава. У Шчэгліках прывялі ў парадак месца пахавання нашага знакамітага земляка Івана Філіпука, а на могілках, што на вуліцы Міру, — магілу ветэрана педагагічнай працы Зоі Місейка.
Колькі вучняў селі за парты
У панядзелак школьнікі зноў селі за парты пасля працяглых канікулаў. Але многія бацькі ўсё ж такі пакінулі дзяцей дома. Мы пацікавіліся ў аддзеле па адукацыі райвыканкама, колькі вучняў прыйшло ў панядзелак у навучальныя ўстановы. Аказалася, што ў першую змену за парты селі 40,9 % хлопчыкаў і дзяўчынак, у другую — 36,5 %. Дарэчы, агульная колькасць навучэнцаў у 11 школах раёна складае 2990.
За якасць атрымання ведаў тымі дзецьмі, што засталіся дома, нясуць адказнасць бацькі. Як патлумачыла намеснік начальніка аддзела па адукацыі Іна Тарасевіч, на сайтах школ размешчана інфармацыя з заданнямі для вучняў, якія не ходзяць у школу і займаюцца па індывідуальных планах. З такімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі наладжана зваротная сувязь: яны адпраўляюць выкананыя заданні з дапамогай электроннай пошты ці праз вайбер непасрэдна настаўнікам.
Дзецям, што займаюцца ў класах, улічваючы эпідсітуацыю ў раёне і краіне, рэкамендавана мець з сабой маскі, дэзрастворы (аднак гэта па жаданні). І яшчэ: вучні павінны быць абсалютна здаровыя — ніякіх кашля і насмарку.
Важна ведаць
Актывісты БРСМ праводзяць інфармацыйную работу з насельніцтвам: падчас эпідэміі каранавіруса ў свеце аказваюць такую дапамогу, каб кожны чалавек ведаў, на што ў першую чаргу звярнуць увагу і дзе можна атрымаць кансультацыю. У нашым раёне валанцёры маладзёжнай арганізацыі займаюцца распаўсюджваннем лістовак-памятак “Важна ведаць, як сябе абараніць”. Іх расклейваюць на дошках аб’яў у пад’ездах, апускаюць у паштовыя скрыні. Працягвае працаваць маладзёжная “гарачая лінія”. “Мы знаходзімся на пастаяннай сувязі з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, заўжды гатовыя прыйсці на дапамогу інвалідам і адзінокім пенсіянерам па дастаўцы неабходных тавараў, — заўважыў першы сакратар РК ГА “БРСМ” Яўген Мацюшын. — Нядаўна да нас звярнулася пажылая жыхарка Жабінкі: патрэбна было забраць для яе рэцэпт з бальніцы. Хутка выканалі просьбу бабулі, якая аказалася цікавай суразмоўніцай, успомніла, як калісьці сама была камсамолкай. Каб атрымаць дапамогу, тэлефануйце па нумарах 2-12-29 (ТЦСАН), 2-36-25 (БРСМ)”.
Дапаможам медыкам
У няпростай эпідэміялагічнай абстаноўцы медыкам нашай цэнтральнай раённай бальніцы патрэбна дапамога: валанцёры па пашыве сродкаў аховы. Да добрай справы далучыліся супрацоўнікі трэцяй гарадской школы. Яны плённа працавалі на працягу двух тыдняў і пашылі шмат неабходнага. Гэта 260 масак, 250 пар бахілаў і нарукаўнікаў, столькі ж шлемаў, а таксама 200 халатаў. Дабрачынную ініцыятыву можа падтрымаць кожны жадаючы — матэрыял для працы будзе прадастаўляцца.
Жахлівае ДТЗ забрала жыцці
Уначы з суботы на нядзелю ў нашым раёне адбылося сур’ёзнае дарожна-транспартнае здарэнне. Хлопцы (17, 21 і 25 гадоў), жыхары Пелішча, рухаліся на аўтамабілі Hyundai па аўтадарозе Сенькавічы—Хмелева. Вадзіцель не справіўся з кіраваннем і, з’ехаўшы ў кювет, трапіў у прыдарожнае дрэва. Усе трое не былі прышпілены рамянямі бяспекі, да таго ж вадзіцель не меў правоў кіравання. Старэйшыя маладыя людзі, якія сядзелі ўперадзе, загінулі на месцы. 17-гадовы вылецеў праз шкло, таму застаўся жывы, але ў цяжкім стане дастаўлены ў рэанімацыю.
