Дапамога ад прафсаюзаў

У няпросты час, калі медработнікі літаральна апынуліся на галоўным напрамку барацьбы з каранавірусам, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі пачынае выплаты матэрыяльных кампенсацый супрацоўнікам медарганізацый, што знаходзіліся ў кантакце з інфіцыраванымі і самі захварэлі.
Дзеля гэтага пры Беларускім прафсаюзе работнікаў аховы здароўя створаны спецыяльны фонд дапамогі. Усе галіновыя прафсаюзы салідарна пералічваюць у яго грашовыя сродкі.
Каб атрымаць кампенсацыю, пацярпеламу медыку неабходна запоўніць заяву ад прафсаюзнай арганізацыі ўстановы аховы здароўя і прыкласці лісток непрацаздольнасці. Як паведаміў старшыня ФПБ Міхаіл Орда, матэрыяльная дапамога будзе выплачана ў памеры ад 600 да 5000 рублёў у залежнасці ад цяжкасці захворвання. Пры гэтым грошы будуць пералічаны максімальна аператыўна без затрымак і якіх-небудзь пасярэднікаў.

#Дзякуймедыкам

Учора пад такой назвай па ўсёй краіне стартаваў дабрачынны марафон, які запусцілі БРСМ і Белпошта. Ініцыятары прапануюць усім жадаючым адаслаць паштоўкі медыцынскім работнікам з цёплымі словамі падзякі за нялёгкую працу. Сказаць шчыры дзякуй урачам, фельчарам, медсёстрам, малодшаму медперсаналу, а таксама вадзіцелям “хуткай” за іх самаадданасць. Эскізы паштовак распрацаваў саюз моладзі — іх можна знайсці на афіцыйных сайтах БРСМ. Спасылку знойдзеце і ў нашай жабінкаўскай маладзёжнай групе ў сацыяльных сетках. Да слова, ліст падзякі можна прыдумаць і зрабіць самому, неабходна толькі выконваць правілы гігіены. Усе пасланні адрасаты атрымаюць своечасова, маркі не спатрэбяцца: да канца красавіка Белпошта забяспечыць бясплатную дастаўку паштовак на адрас устаноў аховы здароўя. Давайце скажам вялікі дзякуй медыкам Жабінкаўшчыны!

Далучайцеся да анлайн-заняткаў

Вясновыя канікулы для беларускіх школьнікаў працягваюцца. Плануецца, што чацвёртая чвэрць пачнецца 20 красавіка і скончыцца 30 мая. Каб дзеці праводзілі вольны час з карысцю, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка з панядзелка запусціў валанцёрскі праект “Будучыя педагогі — дзецям”. Старшакурснікі і выкладчыкі ўстановы ўзяліся праводзіць анлайн-заняткі для вучняў 1-11 класаў. Трансляцыі вядуцца на афіцыйным YouTube-канале БДПУ. Першыя ўрокі прысвечаны англійскай мове, хіміі, інфарматыцы, геаметрыі. Далучайцеся!

“Заплыў” у калодзежы

У мінулую нядзелю супрацоўнікі ДАІ Жабінкаўскага РАУС выратавалі чалавека. Яны неслі службу дзеля бяспекі дарожнага руху ў Чыжэўшчыне. Праязджаючы па населеным пункце, заўважылі, як у калодзеж падае мужчына. Адзін міліцыянер кінуўся ратаваць яго, а другі выклікаў “хуткую”. З дапамогай троса прадстаўнікі ДАІ выцягнулі пацярпелага і перадалі яго медыкам.
Высветлілася, што 49-гадовы мясцовы жыхар жыве адзін. Ён хацеў дастаць з калодзежа ваду, але страціў раўнавагу і ўпаў у студню. На шчасце, цяпер яго жыццю нічога не пагражае.