Жабінка турыстычная

Наш горад багаты сваёй гісторыяй і тым прывабны для турыстаў. Каб гэта цікавасць узрастала, патрабуецца канчаткова распрацаваць экскурсійныя маршруты па Жабінцы і пазначыць найбольш знакавыя месцы. Пра тое ішла гаворка 7 красавіка ў кабінеце намесніка старшыні райвыканкама Алы Ануфрыюк, дзе сабраліся людзі, неабыякавыя да мінулага краю. У 2020-м, які завяршае “трылогію” гадоў, прысвечаных малой радзіме, гэтыя задумы нарэшце будуць рэалізаваны. Прынамсі, плануецца абазначыць месца, дзе ў вайну існавалі сінагога і Жабінкаўскае гета, жыла Флорыя Будзішэўская, якая ратавала ад нацыстаў яўрэйскіх дзяцей. Падобныя знакі ўзнікнуць і каля чыгуначнага вакзала, воданапорнай вежы, на будынках былых першай гарадской школы і раённай бібліятэкі. Гэткім чынам тутэйшыя і госці Жабінкі змогуць на практыцы і віртуальна пагрузіцца ў атмасферу мястэчка 30-50-х гадоў мінулага стагоддзя.

Дом без насілля

Рэспубліканская прафілактычная акцыя “Дом без насілля!” стартуе ў Беларусі 13 красавіка і працягнецца да 24-га. Ініцыятыва праводзіцца ў рамках Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2017-2020 гады. Яе мэта — прыцягнуць увагу шырокіх колаў насельніцтва да праблем насілля ў сям’і, прафілактыка і мінімізацыя наступстваў правапарушэнняў, якія здзяйсняюцца на гэтай глебе.
На працягу адзінаццаці дзён рабочыя групы, у скла-дзе якіх работнікі міліцыі, органаў адукацыі, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, СМІ, будуць выязджаць на сямейныя скандалы, наведаюць няўдалыя сем’і для прыняцця эфектыўных мер па папярэджанні насілля і нармалізацыі абстаноўкі ў іх.

На чарзе — салодкі ўраджай

На Брэстчыне аграрыі прыступілі да сяўбы цукровых буракоў — пасеяна ўжо 2885 гектараў. На Жабінкаўшчыне першымі заняліся сяўбой салодкіх каранёў у ААТ “Мацеевічы”, пазаўчора вывелі сеялкі таксама аграрыі ААТ “Вазнясенскі” і “Рагазнянскі”. Пад цукровыя буракі ў раёне сёлета адведзена 1235 гектараў — на 265 менш, чым летась.
Дарэчы, у мінулым годзе сельгасарганізацыі вырасцілі і накіравалі на мясцовы цукровы завод 840 тысяч тон сыравіны, з якой было выраблена 118 тысяч тон цукру. На прадпрыемстве спадзяюцца атрымаць восенню не меншыя аб’ёмы салодкіх каранёў.

Працягваюць дапамагаць!

У РК ГА “БРСМ” нагадалі: працягвае працаваць “гарачая лінія”, якая даступна штодня з панядзелка па суботу ўключна з 9.00 да 18.00 па нумары 2-36-25. У сувязі з існуючай эпідэміялагічнай сітуацыяй па дапамогу могуць звярнуцца пажылыя грамадзяне і інваліды. Пры неабходнасці аператыўна падкажуць нумары тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, гігіены і эпідэміялогіі, устаноў аховы здароўя, а таксама дапамогуць арганізаваць дастаўку прадуктаў харчавання, лекаў і тавараў першай неабходнасці. Праект праводзіцца сумесна з ТЦСАН і раённай арганізацыяй Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.