Азяцкі. Чарнак у Старым Сяле — знакавае прозвішча. Носьбіты яго праслаўлялі край і на вайне, і ў мірных справах. Вось і цяпер прыемнай навіной падзяліўся дырэктар Старасельскай школы Дзмітрый Чарнак: на абласным этапе алімпіяды па геаграфіі дыплом ІІ ступені заваяваў дзесяцікласнік Андрэй Чарнак (да слова, малодшы брат Дзмітрыя Мікалаевіча). Вучня чакаюць іспыты рэспубліканскага ўзроўню. Асобная падзяка настаўніцы Святлане Дарашук, якая падрыхтавала юнака да адказных інтэлектуальных выпрабаванняў.
Жабінкаўскі. Тая частка сельсавета, якую завуць “якаўчыцкай зонай”, здаўна і па праве ганарыцца сваімі земляробамі. У ліку найлепшых яркай зоркай прапісана прозвішча механізатара тагачаснага калгаса “Прамень”, нараджэнца вёскі Пруск Мікалая Ахрымука. Гэтай вясной рупліваму працаўніку споўнілася б 90 гадоў. У 1960-я Мікалай Феадосьевіч атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, а па выніках дзявятай пяцігодкі (у 1971 годзе) на яго грудзях зазіхацела і вышэйшая ўзнагарода Савецкай краіны — ордэн Леніна. Памёр слынны земляроб у 65-гадовым узросце ў роднай вёсцы.
Крыўлянскі. Чарговы юбілей адзначыла Крыўлянская сярэдняя школа. Яна адчыніла свае дзверы для хлопчыкаў і дзяўчынак 1 красавіка 1975 года. За чатыры з паловай дзясяткі гадоў навучальная ўстанова выпусціла на жыццёвую дарогу нямала таленавітых і адораных людзей. Кожнага, хто заходзіць сёння ў Крыўлянскую адзінаццацігодку, сустракае прыгожы двух’ярусны торт з… кніжак у холе ўстановы, упрыгожаны чацвёркай і пяцёркай. Так крэатыўна падышла да віншавання школы-юбіляркі бібліятэкар Валянціна Стасюк.
Ленінскі. У рамках месячніка па добра-ўпарадкаванні на тэрыторыі Ленінскага сельсавета праходзяць мерапрыемствы, падчас якіх наводзіцца парадак у месцах агульнага карыстання, воінскіх захаванняў і ля помнікаў, на тэрыторыях домаўладанняў і прылеглых да іх, а таксама тых, што замацаваны за прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі. Старшыня Ленінскага сельвыканкама Мікалай Лугаўскі звяртаецца да жыхароў сельсавета з просьбай, каб выкідвалі і вывозілі смецце на спецыяльныя пляцоўкі для цвёрдых камунальных адходаў і паклапаціліся пра чысціню на магілах сваіх родных.
Ракітніцкі. На пасяджэнні сельвыканкама на чале са старшынёй Валерыем Андраюком узнімалі некалькі актуальных пытанняў. У сваім выступленні ўрач агульнай практыкі Аляксандр Лінік паведаміў пра дзейнасць амбулаторыі, расказаў, якая работа праводзіцца з насельніцтвам у плане прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. Трымаў слова і стараста Федзькавічаў Анатоль Ляшук. Вялікая ўвага надавалася тэме добраўпарадкавання. Гаварылі пра падрыхтоўку да рэспубліканскага суботніка, навядзенне парадку на тэрыторыі сваіх арганізацый, уласных падворках.
Сцяпанкаўскі. У сельсавеце вядзецца актыўная работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, падтрыманні парадку на тэрыторыі воінскіх захаванняў, ля помнікаў. Па словах старшыні Сцяпанкаўскага сельвыканкама Віктара Марковіча, днямі прадстаўнікі ўлады здзейснілі рэйд па тэрыторыі сельсавета і намецілі планы. “Важна не маштабнасць, а сістэмнасць і якасць працы па навядзенні парадку на тэрыторыі населеных пунктаў. У планах зрабіць наш край лепшым і прыгажэйшым”, — адзначыў Віктар Мікалаевіч і дадаў, што ў бліжэйшым будучым плануюць пасадзіць 20 дрэўцаў у мемарыяльным комплексе “Драмлёва”, а яшчэ ў хуткім часе ў аграгарадку Сцяпанкі з’явіцца дзіцячая пляцоўка. Матэрыяльна абяцала падтрымаць сельгаспрадпрыемства “Арэпічы”.
Хмелеўскі. Не засталіся ўбаку ад месячніка па добраўпарадкаванні і ў Хмелеўскім сельсавеце. Прыведзены ў парадак сквер у Падлессі, у кожным населеным пункце кіпіць работа па навядзенні парадку на зямлі: прыбіраецца смецце, спальваецца старое галлё.
Мясцовыя работнікі культуры таксама не сядзяць без справы. Народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” і ўзорны фальклорны калектыў “Дараносіца” рыхтуюць да Вялікадня святочную канцэртную праграму. Самадзейныя артысты пастаянна працуюць над абнаўленнем рэпертуару, таму гледачы пачуюць і новыя кампазіцыі, адна з якіх — “І зноўку я ў родным краі” — прысвечана Году малой радзімы. Юныя ўдзельнікі “Дараносіцы” парадуюць танцамі, спевамі і байкамі.
Гасцінныя хмелеўцы запрашаюць усіх на канцэрт, які адбудзецца 19 красавіка ў мясцовым СДК.