Мацнее міжгранічнае партнёрства
Нядаўна падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Ленінскім сельсаветам і польскай гмінай Саснуўка. Гэта яшчэ адзін крок да ўмацавання міжгранічнага сяброўства. Як лічыць старшыня Ленінскага сельвыканкама Мікалай Лугаўскі, існуе досыць шмат агульнага, што аб’ядноўвае партнёраў. Прынамсі, польскі бок зацікавіўся фактам, што ў вёсцы Чыжэўшчына (колішніх Крупчыцах) у 1794 годзе адбылася вялікая бітва часоў Касцюшкаўскага паўстання. Летась за бюджэтны кошт адрамантавана мемарыяльная капліца, узведзеная на месцы бою ў 2004 годзе. “Аднак справе патрэбны працяг, — заўважае Мікалай Васільевіч, — і ў гэтым плане ёсць спадзяванні на супрацоўніцтва з урадам гміны”. Сумесныя праекты аб’яднаюць таксама розныя напрамкі культуры, адукацыі, спорту.
Дыпломы за сучасны погляд на традыцыі
Штогод “Белпошта” праводзіць конкурс сярод журналістаў “Лепшы матэрыял пра пошту”. Летась яго тэмай стаў сучасны погляд на традыцыі.
Прыемна, што па выніках мінулагодняга творчага спаборніцтва ў ліку ўганараваных дыпломамі Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” адразу два супрацоўнікі “Сельскай праўды”. Галоўны рэдактар выдання Алена Сіняўская адзначана ў намінацыі “За вернасць паштовым традыцыям і сувязь пакаленняў” за матэрыял “Однажды и навсегда” пра Любоў Клапоцкую, якая сорак гадоў жыцця прысвяціла працы ў паштовай сувязі. Адказны сакратар Наталля Аляксейчык узнагароджана дыпломам “За захаванне паштовых традыцый”. Яе матэрыял “Пошту на колах чакаюць вяскоўцы” пазнаёміў чытачоў “СП” з работай перасоўнага аддзялення паштовай сувязі № 2, якое ўзначальвае Руслана Шамайла.
Дзеля павышэння педагагічнага майстэрства
У Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў прайшоў конкурс “Малады настаўнік года”. Ён ладзіўся сярод выкладчыкаў установы ва ўзроставай катэгорыі да 30 гадоў уключна. У спаборніцтве прынялі ўдзел пяць педагогаў: Марына Галавенка, Барыс Бяляк, Сяргей Малёваны, Ганна Біцюкова і Таццяна Зданкевіч. Камісія ацэньвала іх па адкрытых уроках: улічвала арганізацыю вучэбнай дзейнасці, правільнасць пастаўленых мэтаў і задач, іх выкананне падчас заняткаў, прымяняемыя метады і прыёмы, а таксама асабістыя якасці: эрудыцыю, культуру маўлення, стыль зносінаў з навучэнцамі і іншае. У выніку пераможцам была прызнана Таццяна Зданкевіч. Яна ўзнагароджана граматай установы і грашовай прэміяй. Хочацца пажадаць маладым настаўнікам школы мастацтваў творчасці і плёну ў іх далейшай педагагічнай дзейнасці.
Лепшыя тэнісісты
У Жабінкаўскім РАНС прайшлі спаборніцтвы сярод работнікаў аддзела па настольным тэнісе. Мерапрыемства праводзілася з мэтай папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця, а таксама было прымеркавана да 75-годдзя Вялікай Перамогі.
У выніку ўпартай барацьбы вызначыліся пераможцы спаборніцтваў. Сярод мужчын лепшым тэнісістам стаў камандзір аддзялення ПАВЧ № 1 Андрэй Харковіч, сярод жанчын — старшы інжынер сектара арганізацыі функцыянавання ДСНС і ГА Вікторыя Кадэнская.
Азбука дабрыні
У Цукразаводскай бібліятэцы для другакласнікаў СШ № 2 супрацоўнікі разам са святаром Максімам Волкам падрыхтавалі цікавае мерапрыемства “Азбука дабрыні”. Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з гісторыяй стварэння друкаваных выданняў, а таксама пагарталі праваслаўныя кнігі для дзяцей. На сустрэчы гучалі павучальныя вершы пра дружбу, дабрыню і ўзаемавыручку. Юным чытачам спадабалася адгадваць загадкі і абмяркоўваць прыказкі і “чароўныя” ветлівыя словы. Айцец Максім абмеркаваў з дзецьмі байку “Вецер і сонца”, патлумачыў яе прыхаваны сэнс. На развітанне хлопчыкі і дзяўчынкі напісалі на лісточках тую добрую справу, якую змогуць зрабіць у бліжэйшы час, і павесілі на Дрэва дабрыні.
