Першая ў “Энергамарафоне”

Завяршыўся абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”, які праводзіўся пад эгідай галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласнога інстытута развіцця адукацыі. Для ўдзелу ў ім было заяўлена 206 работ. Упершыню ў гэтым конкурсе ў ліку пераможцаў абласнога этапу прадстаўніца Жабінкі — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце другой гарадской школы Наталля Урбан. Яе работа ў намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазахавання ва ўстанове адукацыі” прызнана лепшай, аўтар узнагароджана дыпломам І ступені.

Падружыся са спортам!

На працягу некалькіх гадоў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскае дзяржаўнае грамадскае аб’яднанне “Прэзідэнцкі спартыўны клуб” праводзяць конкурс дзіцячага малюнка “Падружыся са спортам!”. У другой гарадской школе адбыўся яго першы этап. Лепшымі прызнаны творчыя работы трэцякласніц Соф’і Царук і Маргарыты Лугаўцовай, а таксама пяцікласніка Кірыла Філіпука. Малюнкі дзяцей прымуць удзел у другім этапе.

Іх подзвіг не забудзем

У гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў у другой гарадской школе ладзіўся турнір па настольным тэнісе сярод вучняў і настаўнікаў. У 5-11 класах прайшлі класныя гадзіны “Афганістан — боль у маёй душы”, “Трагедыя і доблесць Афгана”, “Адвага. Мужнасць. Гонар”, “Беларускія воіны-інтернацыяналісты: гісторыя і традыцыі”, “Ордэны і медалі: гісторыя подзвігу”. У фае школы была размешчана тэматычная кніжная выстава “Іх подзвіг не забудзем”.
Дзявочая школьная каманда спаборнічала ў турніры па валейболе памяці Васіля Дудара, што традыцыйна праводзіцца ў Крыўлянскай сярэдняй школе.
Педагог-арганізатар СШ № 2 Аляксандра Вараб’ёва арганізавала выступленне лектарскай групы “Далёкае рэха Афганскай вайны”. Другакласнікі наведалі Ленінскую школу, у якой вучыўся Валерый Мігель. Вучні сярэдняга звяна ўсклалі кветкі да магілы Васіля Дудара, які, як і Мігель, загінуў у Афганістане.

Ёсць ідэя? Падзяліся!

У першай гарадской школе прайшоў фестываль метадычных ідэй “Развіццё творчых і інтэлектуальных здольнасцей вучняў праз індывідуальна-дыферэнцыраваны падыход у навучанні”.
У рамках фестывалю былі праведзены 15 адкрытых вучэбных заняткаў у класах, дзе прадметы вывучаюцца на павышаным узроўні, два — у класах з базавым вывучэннем прадметаў, адны заняткі — на пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Настаўнікі дэманстравалі выкарыстанне сучасных педагагічных тэхналогій, суправаджалі іх мультымедыйнымі прэзентацыямі, інтэрактыўнымі заданнямі.

Выбар прафесіі — аснова будучыні

Падчас тыдня адчыненых дзвярэй “Профільнае навучанне — аснова прафесійнай будучыні” ў 9 і 11 класах СШ № 1 Жабінкі адбыліся класныя гадзіны, на якіх вучні пазнаёміліся з багатым светам прафесій. На заняткі былі запрошаны і бацькі.
На бацькоўскім сходзе “Як дапамагчы школьніку выбраць далейшы адукацыйны маршрут” педагог-псіхолаг расказала матулям і татам аб правілах выбару прафесіі. Бацькі былі азнаёмлены з правядзеннем выніковай атэстацыі і выпускных экзаменаў, арганізацыяй профільнага навучання і педагагічных класаў у 2020/2021 навучальным годзе, удзелам навучэнцаў у рэпетыцыйным тэсціраванні.

Задаволіць густы пакупнікоў

Адкрыццё чарговай фірменнай гандлёвай кропкі ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” — выдатны падарунак жыхарам горада Кобрына. Пад адным дахам размясціліся два аддзелы: прадуктовы і кармоў для ўсіх відаў сельгасжывёл, хатніх любімцаў, прыкормкі для лоўлі рыбы. Выпускаемая прадукцыя нашага завода можа задаволіць густы самых патрабавальных спажыўцоў. Дарэчы, ужо налічваецца каля пяцідзесяці гандлёвых кропак прадпрыемства.