Ушанавалі памяць герояў

Другакласнікі другой гарадской школы са сваімі класнымі кіраўнікамі Раісай Шахнюк і Наталляй Андрасюк у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў адправіліся ў Ленінскую сярэднюю школу. Тут устаноўлены бюст Валерыю Мігелю — аднаму з тых байцоў, што не вярнуліся жывымі з Афганістана. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўважліва слухалі аповед пра жыццё і подзвіг земляка.
Душманская куля абарвала жыццё яшчэ аднаго жабінкаўца — Васіля Дудара. Ушанаваць памяць, ускласці кветкі на яго магілу ў Арэпічах прыехалі шасцікласнікі СШ № 2. Дарэчы, у вёсцы, адкуль юнак адправіўся на вайну, адна з вуліц названа імем героя.

Рэкордныя шаўроны

У “Берасцейскую кнігу рэкордаў” трапіў жабінкавец Андрэй Перадумаў са сваім хобі. Ён з армейскіх гадоў калекцыянуе шэўроны, какарды ваеннаслужачых сілавых структур, ВМВ і войскаў спецыяльнага назначэння з розных краін свету. Яго незвычайная калекцыя прызнана самай рэкорднай не толькі на Брэстчыне, але і ва ўсёй краіне.

Першы этап спартакіяды

У мінулыя выхадныя ў СДЮШАР Жабінкаўскага раёна ладзіўся першы этап дзявятай галіновай спартакіяды работнікаў аграпрамысловага комплексу. Удзельнікі змагаліся за права выйсці ў фінал (ён адбудзецца ў бліжэйшую суботу) у чатырох відах спорту. Так, у міні-футболе за перамогу будуць змагацца каманды цукровага і камбікомавага заводаў, у валейболе — цукровага і ААТ “Рагазнянскі”. У більярдзе на першым этапе не было роўных Сяргею Пятручыку (цукровы завод), а ў шашках вызначыліся Міхаіл Чарнецкі з
ПМК-19 і Алена Сянішына з цукровага завода.

Корм для кошак — лепшы тавар

Прадукцыя Жабінкаўскага камбікормавага завода можа задаволіць густы самых патрабавальных спажыўцоў. Па выніках 2019 года корм для кошак з мясам і гароднінай пад маркай “Пэтбум” стаў лаўрэатам конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”. Дарэчы, прадукцыя нашага камбікормавага завода некалькі гадоў запар займае прызавыя месцы гэтага прэстыжнага конкурсу, што яшчэ раз пацвярджае высокую якасць кармоў для сельгасжывёл, птушак, рыб і чатырохлапых хатніх любімцаў.

З’ехала ў кювет і ўрэзалася ў дрэва

На мінулым тыдні 27-гадовая жыхарка Жабінкі ехала на “БМВ” па аўтадарозе Н134 “Жабінка — Матыкалы” ў накірунку Матыкалаў. На трэцім кіламетры трасы жанчына не справілася з кіраваннем, з’ехала ў правы па ходу руху кювет і ўрэзалася ў прыдарожнае дрэва. ДТЗ адбылося каля 8.20. У выніку вадзіцель з траўмамі шпіталізавана ў бальніцу. Па факце здарэння праводзіцца праверка.