Бачылі вочы, што бралі

Грамадзяніну Ц. тэрмінова спатрэбіліся рублі, вось і ўзяў ён па дагаворы “хуткія” грошы ды пад вялікія працэнты. Бо пабачыў аб’яву пра арганізацыю са спакуслівай назвай “Вам грошы”. Аднак не падманьвайцеся. Гэта сёння грошы вашы, а заўтра — нашы. Ды яшчэ з наварам. Больш за тое, сродкі мужчына ўзяў пад заклад кватэры, якую калісь падараваў яму бацька. Аднак, бачна, не разлічыў свае магчымасці — вярнуць пазыку ў тэрмін не здолеў, і прадстаўнікі арганізацыі звярнуліся з іскам у суд. Вядома, закон у гэтым выпадку цалкам быў на іх баку. Нездарма ў народзе кажуць: бачылі вочы, што бралі, якія паперы падпісваліся, а таму вініць давядзецца самога сябе. Каб пагасіць пазыку, спецыялісты АПВ зараз прадаюць кватэру даўжніка з электронных таргоў.

Ключы ад дома разладу

Напярэдадні каталіцкіх Калядаў Яніна М. рыхтавалася да вялікіх святаў. Толькі на яе бяду замест Дзядулі Мароза ды Снягуркі пабачыла на сваім парозе прадстаўнікоў аддзела прымусовага выканання, што завіталі разам з яе былым мужам. Ён ужо даволі даўно не можа патрапіць у жытло, хоць суд і абавязаў Яніну не перашкаджаць мужчыне бываць у хаце, на частку якой ён мае правы. Паводле судовага рашэння ў прысутнасці праваахоўнікаў жанчына ўсё ж мусіла перадаць звязку ключоў. Не абышлося, на жаль, і без “разбору палётаў”. Валтузня і цяпер яшчэ не скончылася, бо жывуць калісь блізкія людзі хоць і пад адным дахам, ды як кот з сабакам. Вось і нядаўна мужчына напісаў на Яніну чарговую скаргу. Чым завершацца гэтыя зусім не святочныя турботы ў доме, дзе даўно няма ладу, цяжка сказаць дакладна.
Ірына ТЭАДАРОВІЧ, начальнік аддзела прымусовага выканання Жабінкаўскага раёна