Для чаго купілі гашыш?
Два сябры-таварышы Аляксей К. і Андрэй К. летась набылі сабе рэчыва цёмна-карычневага колеру, якое згодна з заключэннем эксперта з’яўляецца небяспечным наркатычным сродкам — гашышам. Маса — амаль грам, але і гэта “дробязь” прынесла парушальнікам вялікія непрыемнасці
Юнакі трымалі ў сябе небяспечнае рэчыва, пакуль не былі затрыманы работнікамі райаддзела міліцыі, а следчы па гэтым факце ўзбудзіў крымінальную справу.
Ужыванне наркатычных і таксічных рэчываў — небяспечнае для здароўя чалавека і патрабуе неадкладнага лячэння.
У снежні мінулага года была ўзбуджана яшчэ адна крымінальная справа на Мікалая М., які толькі ў лістападзе мінулага года не меней чатырох разоў быў у стане, выкліканым ужываннем таксічных сродкаў.
Прыехалі… да лавы падсудных
Пра крадзяжы Эдуарда М. летась пісалася ў адным з выпускаў “Крымінальнай хронікі”. Аднак не паспеў адбыць хлопец тое пакаранне, як на новым папаўся. Вечарам паблізу Азяцкага сельскага Дома культуры ён заўважыў дарожны веласіпед “Аист” і неўзабаве прырабіў той “жалезнай птушцы” крылы… А між тым, у рэчы, вядома ёсць гаспадар (або дакладней — гаспадыня). Настасся М. звярнулася па дапамогу да супрацоўнікаў міліцыі, і тыя хутка выйшлі на след рабаўніка.
Другі аматар пакатацца на чужым ровары Дзмітрый Л. у Жабінцы з пад’езда дома на вуліцы Маладзёжнай скраў горны веласіпед “Стэлс” коштам у 200 рублёў. На гэты раз гаспадыняй двухколавай машыны была Вольга Л.
Нядоўга хлопцам выпала ездзіць на чужым велатранспарце, а вось да лавы падсудных прыехаць яны паспелі. Цяпер Эдуарду і Дзмітрыю адказваць у судзе паводле артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Толькі першаму прысуд будзе вынесаны па частцы другой, а другому — па першай, бо Эдзік і раней не сябраваў з законам, а Дзіма пакуль упершыню папаўся на крадзяжы.
Як два Арцёмы аднаго Уладзіміра пабілі
Два Арцёмы К. і Ш. нарадзіліся ў адзін год у Жабінцы і, мусіць, сябруюць. Што не спадабалася дружбакам у паводзінах Уладзіміра З., чаму яны з такой лютасцю білі яго нагамі, прычыніўшы няшчаснаму цялесныя пашкоджанні ў выглядзе закрытай тупой траўмы грудной клеткі, у тым ліку і пералом двух рэбраў, вінаватыя раскажуць на судзе. Адказваць за свае супрацьпраўныя дзеянні ў любым выпадку давядзецца, бо супраць Арцёмаў-хуліганаў узбуджана справа па артыкуле 149 частцы 2 Крымінальнага кодэкса краіны.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік райаддзела міліцыі
