“Неўскія берагі — 2019”
Незадоўга да пачатку вясны, 21-24 лютага, у Пецярбургу прайшоў фестываль прадстаўнікоў самага прыгожага і вытанчанага бізнесу. На “Неўскіх берагах” сабраліся цырульнікі і касметолагі, візажысты і нейл-дызайнеры, адным словам, сапраўдныя прафесіяналы ў б’юці-сферы. Маштабная пляцоўка фестывалю дазволіла абмяняцца вопытам, павысіць кваліфікацыю на творчых спаборніцтвах, засвоіць новыя прыёмы і навыкі на разнастайных майстар-класах. Сярод прадстаўнікоў індустрыі прыгажосці на мерапрыемстве можна было ўбачыць ураджэнку Жабінкі Надзею Кашталян — паспяховага маладога цырульніка. Дзяўчына выступіла ў жаночай тэхнічнай катэгорыі, стварыла дзве незвычайнай прыгажосці прычоскі. Талент і майстэрства нашай зямлячкі пакарылі журы — яна ўвайшла ў пяцёрку лепшых і прывезла на радзіму дзве ўзнагароды.
У жабінкаўскім музеі — вікінгі
З 1 сакавіка ў Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі пачала дзейнічаць выстава “Вікінгі: міф і рэальнасць”. Вы зможаце пазнаёміцца з адзеннем скандынаўскага воіна канца ІХ — пачатку ХІ стагоддзя: ільняной і ваўнянай кашулямі, штанамі-шараварамі, абмоткамі, а таксама са скураным абуткам, фрагментамі ламелярных даспехаў, шлемамі, мячамі, сякерамі і нажамі. Уразяць вас і элементы тагачаснага быту: адназубы відэлец, крэсіва, пітны рог і іншае. Усе прадметы для выставы-рэканструкцыі прадаставіў жыхар Жабінкі Барыс Бяляк. Пасля экскурсіі наведвальнікі маюць магчымасць сфатаграфавацца з экспанатамі выставы, якая прадоўжыць сваю работу да 30 красавіка.
Пачастуйцеся блінамі!
Заўтра прыход храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы запрашае ўсіх жадаючых паўдзельнічаць у нядзельнай акцыі. Падчас “Вясёлай масленіцы” госці змогуць пачаставацца блінамі, піражкамі і рулетамі, разнастайнай выпечкай і нават піцай. Мерапрыемства будзе мець дабрачынны характар. Усе атрыманыя сродкі пойдуць на будаўніцтва храма ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага ў нашым горадзе.
Пажар на Цэнтральнай
25 лютага ў 16.49 у раённы адзел па надзвычайных сітуацыях паступіў званок: здарэнне адбылося ў шматкватэрным доме на вуліцы Цэнтральнай. Выратавальнікі хутка прыбылі на месца — з акна кватэры на чацвёртым паверсе ішоў дым. Яны ліквідавалі пажар, агонь паспеў знішчыць маёмасць аднаго пакоя, закапціць сцены і столь. На падлозе ў калідоры выратавальнікі знайшлі гаспадара 1964 года нараджэння. Мужчыну вывелі на свежае паветра і перадалі медыкам, з дыягназам “атручэнне прадуктамі гарэння” пацярпелы быў шпіталізаваны. Прычына здарэння высвятляецца. Ёсць версія, што бяда адбылася з прычыны неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні.
Прыйшла вясна — стартавала акцыя
Акрамя пажараў, існуюць і іншыя надзвычайныя сітуацыі. Напрыклад, прыроднага характару — паводкі, снежныя буры, град, ліўневыя дажджы і іншыя, тэхнагеннага характару — аварыі на прадпрыемствах, у камунальных сістэмах, транспартныя аварыі і гэтак далей. Каб нагадаць насельніцтву, як дзейнічаць у такіх сітуацыях, і да святкавання Су-светнага дня грамадзянскай абароны на тэрыторыі нашага раёна праходзіць рэспубліканская акцыя “Дзень бяспекі. Увага ўсім!”. Яна стартавала ўчора, 1 сакавіка, і прадоўжыцца амаль да канца месяца.
