Пазнаёміліся з прафесіямі
У Маціевіцкай базавай школе адбылося мерапыемства прафарыентацыйнай накіраванасці для навучэнцаў 5-9 класаў. На сустрэчу са школьнікамі былі запрошаны бібліятэкар Маціевіцкай сельскай бібліятэкі Святлана Скаліна, спецыялісты ААТ “Мацеевічы” аграном Аксана Бяльчук і эканаміст Аксана Нікіціна, а таксама студэнт Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Аляксандр Сямейка, які навучаецца на факультэце “Лясная гаспадарка”. Кожны з гасцей расказаў пра сваю прафесію і чаму менавіта такі шлях абраў. Вучні ўважліва слухалі выступоўцаў, задавалі ім пытанні, цікавіліся, дзе і ў якіх навучальных установах рэспублікі можна атрымаць такія спецыяльнасці.
Каб веды былі ў тонусе!
У рамках акцыі “Бяспека ў кожны дом” супрацоўнікі Жабінкаўскага РАНС наведалі Дом культуры. Андрэй Харламянкоў, Вікторыя Кадэнская і Ганна Усцьянчык сустрэліся з народным хорам ветэранаў “Тонус”, але не для таго, каб паслухаць артыстаў, а каб самім выступіць перад імі. Яны нагадалі “Тонусу” меры пажарнай бяспекі — у мінулым годзе на тэрыторыі раёна адбылося 28 пажараў, якія забралі жыцці чатырох чалавек. Расказалі пра асаблівасці выкарыстання аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, электрычнай праводкі, пячнога абсталявання. Звярнулі ўвагу на правілы ўтылізацыі пашкоджанага градусніка, а ў канцы карыснай сустрэчы раздалі ўдзельнікам калектыву тэматычныя памяткі.
Як моладзь адпачывала
Прадстаўнікі юнацкага клуба пры храме Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы наведалі Лядовы палац горада Кобрына, а маладзёжнае брацтва адправілася ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза, што ў Белавежскай пушчы. У паездках маладых людзей суправаджалі клірык храма айцец Максім Волк і матушка Маргарыта. Дарэчы, адзін з марозных зімовых вечароў удзельнікі брацтва цікава правялі ў іх гасцінным доме. Запамінальнай таксама стала сустрэча, на якую братчыкаў запрасілі да сябе дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі протаіерэй Сергій Петрусевіч разам з матушкай Аленай. Не забываюць маладыя людзі і пра спорт: амаль кожны вечар гуляюць у валейбол на базе гарадскіх школ, а нядаўна прынялі ўдзел у турніры па настольным тэнісе ў Пружанах.
Лары Уорд шукае карані супляменнікаў
Ужо неаднойчы мы сцвярджалі: Жабінкаўшчына цікавая свету. Вось яшчэ адно пацвярджэнне. Адразу пасля Новага года ў рэдакцыю пераслалі ліст з Кобрына ад грамадзяніна Злучаных Штатаў Лары Уорда. Між іншым той піша: “Я шукаю падрабязнасці жыцця яўрэяў падчас Першай сусветнай вайны. Цікаўлюся лёсам пані Эстэр Эпельбаум-Бярозскай, якая эмігрыравала ў 1921 годзе ў ЗША”. Дадзеныя пра жанчыну з такім імем і прозвішчам насамрэч знайшліся. Яна выехала на Амерыканскі кантынент разам з двума сынамі ў 1921-м, а да таго на працягу дзесяці гадоў жыла ў вёсцы Чыжэўшчына Кобрынскага павета (сёння ў межах Жабінкаўскага раёна).
