“Там, дзе памяць, там сляза”
Вечарына пад такою назвай, прысвечаная ўшанаванню памяці землякоў, што загінулі ў Афганістане, прайшла ў Арэпіцкай сельскай бібліятэцы.
…З далёкага Афганістана ў Арэпічы ішлі лісты на імя Вольгі Канстанцінаўны Дудар: мацярынскае сэрца радавалася кожнай вестачцы сына, перажывала, як яму, сярэдняму сыночку, служыцца. Кожны ліст супакойваў: жывы-здаровы, усё ў парадку, не хвалюйцеся. Свайму ж брату Сяргею Васіль напісаў: “Ты толькі бацькам нічога не гавары — не трэба ім ведаць, што я на вайне”. Але даведацца ім давялося, бо сын не вярнуўся дадому жывым.
Падчас мерапрыемства дзеці чыталі вершы пра афганскую вайну. Вельмі балюча, да слёз, кранулі гледачоў творы ў выкананні Веранікі Кужко. На вечарыне прысутнічала і маці старшага лейтэнанта Васіля Дудара — Вольга Канстанцінаўна. Прысутныя і ўдзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць яе сына-героя хвілінай маўчання.
На першай і другой прыступках — нашы баксёры
У Оршы адбыўся маладзёжны чэмпіянат Беларусі па боксе, у якім прынялі ўдзел юнакі ва ўзросце 16-18 гадоў. На ім у складзе зборнай Брэсцкай вобласці ў вагавой катэгорыі да 49 кілаграмаў выступіў наш баксёр Юрый Галаваты, які па выніках спаборніцтваў заняў другое месца.
У Баранавічах прайшло першынство Брэсцкай вобласці па боксе сярод юніёраў (узрост удзельнікаў 14-16 гадоў). У вагавой катэгорыі да 57 кілаграмаў перамог выхаванец Жабінкаўскай СДЮШАР Максім Ткачук.
