Пераможцы конкурсу
Падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы ў 2018 годзе. У ліку пераможцаў сярод арганізацый вытворчай сферы — Жабінкаўская ЖКГ, сельгасарганізацый — ААТ “Вазнясенскі”, арганізацый невытворчай сферы — Жабінаўская цэнтральная раённая бальніца.
Намеснік кіраўніка раёна Аляксандр Кучынскі ўручыў пераможцам граматы райвыканкама і грашовыя прэміі. Таксама Аляксандр Яўгенавіч адзначыў станоўчую работу па падрыхтоўцы да агляду-конкурсу ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, філіяла КУП “Брэстаблдарбуд” Жабінкаўскае ДРБУ № 103, ДУП “Санаторый Буг”, аддзелаў па адукацыі, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, ААТ “Рагазнянскі”.
“Афганістан: наша памяць і боль”
Пад такою назвай 10 лютага ў Мацеевіцкай сельскай бібліятэцы прайшла інфармацыйная гадзіна для наведвальнікаў. Бібліятэкар Святлана Скаліна расказала пра гісторыю Афганскай вайны, правяла агляд кніг па дадзенай тэме, якія знаходзяцца ў фондзе бібліятэкі. Прысутныя даведаліся таксама пра лёсы воінаў-інтэрнацыяналістаў — нашых землякоў: Міхаіла Шэвеля, Сяргея Юбко, Мікалая Пракапчука. Дзеля гэтага былі выкарыстаны матэрыялы сайта Жабінкаўскай ЦБС. Пасля мерапрыемства яго ўдзельнікі накіраваліся на мясцовыя могілкі і ўсклалі кветкі на магілу афганца Міхаіла Шэвеля, які памёр у 2001 годзе.
