З Варшавы — з падзякай

19-20 студзеня ў польскай сталіцы ладзіліся Дні культуры Беларусі і Украіны. У іх прыняў удзел узорны ансамбль народнага танца “Каруначкі”. У першы дзень юныя танцоры наведалі з экскурсіяй Каралеўскі замак у Варшаве. У другі — прадставілі паўтарагадзінную праграму, складзеную ў асноўным з беларускіх і ўкраінскіх танцаў. Так, прысутныя змаглі ўбачыць “Добры вечар”, “Наш край”, “Польку”, “Рэпку”, “Гапак”, “Казакоў” ды іншыя творчыя нумары ў выкананні нашага калектыву. Пасля кожнага танца ў зале чуліся гучныя і працяглыя апладысменты, якімі адорвалі юных выступоўцаў польскія гледачы. За ўдзел у мерапрыемстве дырэктар Вольскага цэнтра культуры ў Варшаве Кшыштаф Мікалаеўскі ўручыў “Каруначкам” падзяку і выказаў упэўненасць у далейшым супрацоўніцтве. Нашы танцоры ў адказ падзякавалі за арганізацыю паездкі і цёплы прыём.

Са сталіцы — з перамогай

19 студзеня ў Мінску прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы юнацкай лігі боксу сярод юнакоў 13-14 гадоў. Зборная Брэсцкай вобласці сустракалася са зборнай Гомельшчыны. У складзе каманды баксёраў Брэстчыны ў вагавой катэгорыі да 56 кілаграмаў выступіў выхаванец СДЮШАР Жабінкаўскага раёна Арцём Рагажынскі. Ён перамог свайго саперніка з Гомеля ў першым раўндзе ў выніку двух накдаўнаў. Рыхтавалі баксёра да спаборніцтваў трэнеры Яўген Градаўляк і Юрый Аўчыннікаў.

Стартавала акцыя!

21 студзеня на Жабінкаўшчыне пачалася рэспубліканская акцыя “Бяспека — у кожны дом!”. Асноўнымі прычынамі ўзнікнення надзвычайных сітуацый у жылым сектары па-ранейшаму застаюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання, дзіцячае свавольства з агнём. Мэта акцыі — прафілактыка пажараў, якія не толькі псуюць маёмасць, але і забіраюць жыццё людзей. Яна пройдзе ў пяць этапаў і завершыцца ў апошні дзень лютага. Падчас яе супрацоўнікі РАНС задзейнічаюць розныя катэгорыі насельніцтва і нагадаюць правілы пажарнай бяспекі. Строга выконвайце іх, каб абараніць сябе і сваіх блізкіх ад вогненнай бяды!

Дзень адчыненых дзвярэй для школьнікаў

У Жабінкаўскім аддзеле Дэпартамента аховы прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй для навучэнцаў Ленінскай сярэдняй школы. Яго наведалі 53 вучні. Перад школьнікамі выступіў начальнік аддзела маёр міліцыі Віталь Ануфрыюк. Затым старшы інспектар групы міліцэйскай ваенізаванай і вартавой аховы старшы лейтэнант міліцыі Сяргей Якаўчук пазнаёміў гасцей з асаблівасцямі службы ў ахове. Для іх правялі экскурсію па аддзеле, прадэманстравалі экіпіроўку міліцыянераў групы затрымання. Старшы сяржант міліцыі міліцыянер-кінолаг Уладзімір Мандра расказаў аб ролі службовых сабак у дзейнасці аддзела, паказаў навыкі спецыяльнага курса іх дрэсіроўкі, а таксама пераадольванне чацвералапым сябрам паласы перашкод.

Ёсць праект? Будзе і падтрымка

У вас ёсць слушная прапанова, толькі няма грошай на рэалізацыю? Дасылайце заяўку на конкурс сацыяльных праектаў у Беларусі Social Weeкend, які арганізуе Мясцовы фонд “Дабрыня”. Больш за 2,7 тысячы ўнікальных ідэй удзельнічалі ў гэтым конкурсе і атрымалі падтрымку на 500 тысяч беларускіх рублёў. Сярод фіналістаў, напрыклад, праект VR-Health (рэабілітацыя людзей пасля інсульту), “Крылы Анёлаў” (марафонцы з дзецьмі з інваліднасцю), “Анёл” (пошукава-выратавальны атрад), “Пенсія. Неба. Самалёт” (падарожжы для пажылых лю-дзей), DeepDee (дыягностыка захворванняў па аналізе здымкаў вочнага дна з дапамогай мабільнага тэлефона).
Больш падрабязную інфармацыю пра ўмовы конкурсу чытайце на сайце “Сельскай праўды”.

Сталі лаўрэатамі конкурсу

19 студзеня ў Баранавічах прайшоў ХІІ абласны адкрыты конкурс “Крынічка” сярод навучэнцаў дзіцячых музычных школ мастацтваў і агульнаадукацыйных сярэдніх школ. Па выніках яго дыпломы лаўрэатаў ІІІ ступені заваявалі выхаванкі Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў — дуэт піяністак у складзе Марыі Шчасюк і Алесі Бутрым, а таксама Надзея Чэчалева, якая саліравала на фартэпіяна. Навучаюцца дзяўчаты ў педагога Алены Чаргінец.