Інтэрнэтны злодзей мае свой інтарэс

Інтэрнэт шырока ўвайшоў у наша жыццё. На жаль, ён не толькі дапамагае людзям, але й часам становіцца інструментам для зламыснікаў. Так, невядомая асоба ў невядомым месцы наўмысна, з асабістай карыслівай зацікаўленасцю, шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі, ажыццявіла несанкцыянаваны доступ да ўліковага запісу ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”. Гэты самы Містэр Х, што завёўся ў “сусветнай павуціне”, разаслаў паведамленне: маўляў, неабходна пералічыць грашовыя сродкі, каб прыдбаць патрэбныя рэчы. Інтэрнэтны штукар спадзяваўся: а раптам нехта клюне на такі “кручок”? І сапраўды, Вікторыя К. адгукнулася на заклік і пералічыла больш за сотню рублёў, якія адразу скарыстаў на сваю карысць камп’ютарны махляр. Яго злачынства падпадае пад частку 2 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Была ўзбуджана справа, у ходзе раскрыцця якой удасца выявіць злачынцу і вярнуць грошы пацярпелай.

Свая машына — і не свая

Яшчэ ў сакавіку 2017 года на маёмасць Таццяны З. быў накладзены арышт. Жанчына атрымала на адказнае захоўванне давераны ёй легкавы аўтамабіль “Пежо 206”. Пры гэтым яе папярэдзілі пра адказнасць паводле артыкула 409 Крымінальнага кодэкса краіны за псаванне, расходаванне, утойванне або адчужэнне падвергнутай арышту маёмасці.
Тым не менш, Таццяна за год пасля арышту аўтамабіля прычынілася да вымання запасных частак і змены знешняга выгляду “Пежо”. Цяпер ёй давя-дзецца адказваць згодна з законам за здзейсненае.

Як Мікалай М. грошы “пазычаў”

Мікалай М. прыехаў з суседняга Камянецкага раёна да прыяцеля ў Арэпічы, таксама Мікалая. Як жа скончылася тая сустрэча? Адразу скажам, не надта добра.
Справа вось у чым. Калі гасцявалі, Мікалай М. заўважыў, што ў Мікалая К. водзяцца грошы, і падумаў, што і яму якая-небудзь сотня не пашкодзіла б… Спачатку захацелася пазычыць у прыяцеля, а затым прыйшла здрадлівая думка: “Як пазычыш, давядзецца аддаваць, а калі ўзяць паціху, дык вяртаць не прыйдзецца!” І ўкраў… 300 рублёў.
Цяпер у адносінах да каменчука ўзбуджана справа па частцы 1
артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а ягоны цёзка, напэўна, болей не пусціць такога прыяцеля і на парог.

Бралі без разбору

Цяпер, зімою, гаспадыні Таццяне А. няма вялікай патрэбы штодзень заходзіць у гаспадарчую пабудову ў двары. Прайшло, мусіць, з паўмесяца, як сабралася жанчына па саленні, што захоўваліся тут, і ледзь не аслупянела: навясны замок пашкоджаны, а з пабудовы зніклі ў адзін момант электрагрыль, устаноўка “Керхер”, дзіцячы самакат, палімерная ванна, 100 метраў шланга, цыбуля, часнок, слоікі з кансерваванай агароднінай. Значыць, бралі без разбору, так што гападыня недалічылася тавараў і прадуктаў на суму большую, чым дзве базавыя велічыні. Са сваёй бядой пацярпелая звярнулася да праваахоўнікаў.
Супраць невядомай асобы, што “зазірнула” ў пабудову да Таццяны А., узбуджана крымінальная справа. Верыцца, што следчым удасца разгадаць імя злодзея, які паквапіўся на чужое дабро.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік райаддзела міліцыі.