Выратаванне на пажары

Раніцай 8 лістапада ў Жабінкаўскі РАУС паступіў трывожны званок: гарэў жылы дом на вуліцы Вішнёвай, што ў вёсцы Стрыганец. Выратавальнікі тэрмінова выехалі на месца пажару, на момант іх прыезду полымем ужо былі ахоплены пакоі дома.
На шчасце, гаспадыня, 74-гадовая жанчына, ужо была на вуліцы. Як аказалася, дапамог разгубленай бабулі выйсці з ахопленага агнём жылля дырэктар ААТ “Ракітніца” Рыгор Панасюк. Ён якраз праязджаў міма і, заўважыўшы дым, спыніўся, выбіў уваходныя дзверы і хутка вывеў з калідора бабулю. Пагарэліцу з тэрмічнымі апёкамі твару і рук 1-2 ступені (20 % цела) і вострым атручэннем чадным газам даставілі ў раённую бальніцу.
Пажарам пашкоджаны дах, перакрыццё, унутраная аддзелка, маёмасць. Прычына яго высвятляецца.

“Не прапальвай сваё жыццё!”

Пад такой назвай 12 лістапада на Жабінкаўшчыне стартавала рэспубліканская акцыя. У яе рамках супрацоўнікі РАНС арганізуюць у раёне мерапрыемствы, накіраваныя на прыцягненне ўвагі да праблемы пажараў і гібелі людзей з прычыны неасцярожнасці пры курэнні, паколькі непатушаная цыгарэта — адна з найбольш частых прычын узгаранняў, у тым ліку выпадкаў з чалавечымі ахвярамі. Так, работнікі аддзела наведаюць найбольш ажыўленыя месцы ў горадзе, сустрэнуцца з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый, пабываюць ва ўстановах аховы здароўя, задзейнічаюць у акцыі і школьнікаў. Яна пройдзе ў чатыры этапы і працягнецца да канца месяца.

А вы яшчэ на летніх шынах?

Як паведаміў начальнік дыягнастычнай станцыі № 222 у Жабінцы Дзмітрый Харковіч, з 1 снежня па 1 сакавіка на ўсіх колах аўтамабіляў з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да трох з паловай тон уключна, легкавых і грузапасажырскіх аўтамабіляў з агульнай масай звыш трох з паловай тон, а таксама на колах аўтобусаў з агульнай масай да пяці тон, павінны быць зімовыя шыны. Яны маркіруюцца знакамі ў выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і са сняжынкай унутры яе або знакамі “M+S”, “M&S”, “M.S”, “MS” ці “All seasons”. “Пераабуйце” свае аўтамабілі, каб пазбегнуць непрыемнасцяў або нават бяды!

Новы настаяцель храма
ў Брэсце — святар з Жабінкі

11 лістапада падчас саборнай Боскай літургіі ў храме Ціхвінскай іконы Божай Маці ў Брэсце дабрачынны цэркваў Брэсцкай гарадской акругі мітрафорны протаіерэй Пётр Рамановіч прадставіў прыхаджанам новага настаяцеля. Указам Архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана ад 10 лістапада 2018 года на гэтую пасаду быў назначаны ўраджэнец Жабінкі іерэй Андрэй Петрусевіч. У канцы богаслужэння святар звярнуўся да прысутных з прывітальным словам.

Майстар-клас ад прафесійнага стыліста

У мінулую суботу традыцыйную сустрэчу моладзевага брацтва ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага горада Жабінкі наведала прафесійны стыліст, цырульнік-мадэльер і візажыст Кацярына Лось. Яна прыехала з Брэста, каб правесці для моладзі майстар-клас і расказаць пра сваю цікавую прафесію. У горадзе над Бугам дзяўчына дзеліцца сваімі ведамі і ўменнямі на аўтарскіх курсах. Жабінкаўскай моладзі Кацярына расказала пра асноўныя правілы догляду за валасамі, прадэманстравала простыя прычоскі на кожны дзень. У канцы сустрэчы прадстаўнікі брацтва падзякавалі госці за каштоўныя парады.