Ад грыпу вас
абароніць прышчэпка

Як паведаміў урач-эпідэміёлаг Жабінкаўскага райЦГЭ Уладзімір Лапус, на Жабінкаўшчыне працягваецца прышчэпачная кампанія супраць грыпу. Па стане на 1 лістапада вакцынавана 4757 чалавек. У сувязі з сезонным ростам прастудных захворванняў у снежні рэкамендуем прышчапіцца супраць грыпу да пачатку першага зімовага месяца. Зрабіць гэта магчыма ў раённай паліклініцы і сельскіх урачэбных амбулаторыях. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя прышчэпка дае надзейную абарону ад эпідэмічна значных падтыпаў віруса грыпу і масава зніжае захваральнасць на яго.

Якасць — гэта поспех

Адзначаецца Сусветны дзень якасці, а Еўрапейскі тыдзень якасці праходзіць з 5 па 11 лістапада пад дэвізам “Якасць — гэта поспех!”.
У нашай краіне створана і падтрымліваецца на сучасным узроўні шматпланавая інфраструктура якасці, якая з’яўляецца неад’емным элементам дзяржаўнай эканамічнай палітыкі. Яна ўключае тэхнічнае нармаванне і стандартызацыю, метралогію, ацэнку адпаведнасці і акрэдытацыю, а таксама падтрымку конкурснага руху за якасць і дзелавую дасканаласць.
У Брэсцкай вобласці на 1 лістапада бягучага года сертыфікаваны 423 сістэмы менеджменту якасці па ISO 9001; 78 сістэм менеджменту бяспекі харчовых прадуктаў на аснове аналізу небяспек і крытычных кантрольных кропак па СТБ 1470; 9 сістэм менеджменту бяспекі харчовых прадуктаў на адпаведнасць патрабаванням ISO 22000; 34 сістэмы кіравання аховай навакольным асяроддзем па ISO 14001; 143 сістэмы кіравання аховай працы па СТБ 18001.
Укараненне стандартаў на сістэмы менеджменту — гэта мінімальная планка, якую павінна пераадолець кожная арганізацыя, што імкнецца паспяхова працаваць у канкурэнтным асяроддзі.
Сістэма менеджменту якасці — паказчык надзейнасці арганізацыі і магчымасці вырабляць прадукцыю (аказваць паслугі) не толькі ў адпаведнасці з заканадаўчымі патрабаваннямі, але і з індывідуальнымі патрабаваннямі заказчыка, які з’яўляецца галоўнай дзеючай асобай на рынку тавараў і паслуг.