“Чалавек з белым кіем”
Пад такою назвай з 15 кастрычніка па 15 лістапада на Жабінкаўшчыне праводзіцца рэспубліканскі месячнік, мэта якога — актывізаваць дзейнасць дзяржаўных і недзяржаўных устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый па рэалізацыі праграм, накіраваных на папярэджанне інваліднасці, рэабілітацыю людзей з абмежаванымі магчымасцямі, стварэнне для іх жыццядзейнасці безбар’ернага асяродку.
У рамках рэспубліканскай акцыі ГА “БелТІЗ” “Даступнасць паслуг і сэрвісаў банкаў для людзей з інваліднасцю па зроку” ў нашым раёне будзе праведзена вучоба для банкаўскіх спецыялістаў па карэктным узаемадзеянні і зносінах з людзьмі з інваліднасцю па зроку. У працэсе навучання будуць агаворвацца пытанні даступнасці паслуг для невідушчых і слабавідушчых.
За здаровы лад жыцця
Валанцёры гарадскога ліцэя прынялі ўдзел у акцыі па прафілактыцы курэння “Абмяняй цыгарэту на цукерку”. Усім, хто курыў на вуліцы ў той дзень, ліцэісты прапаноўвалі задумацца аб сваім здароўі і ажыццявіць разумны абмен — памяняць цыгарэту на цукерку. Прахожыя з цікавасцю ўступалі ў размову і абяцалі, што пастараюцца пасля такога абмену заняцца сваім здароўем.
Рыхтуемся сагравацца бяспечна
15 кастрычніка на Жабінкаўшчыне стартавала рэспубліканская пажарна-прафілактычная акцыя “За бяспеку разам!”. Яе мэта — павысіць узровень абароненасці жылля ад пажараў. Гэта яшчэ адна добрая нагода паклапаціцца пра ўсталяванне аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і праверыць іх працаздольнасць пры наяўнасці. Карысным будзе таксама прасачыць за спраўнасцю ацяпляльнага абсталявання і электраправодкі. Падчас акцыі асобная ўвага надаецца дапамозе адзінокім пажылым людзям, інвалідам, сем’ям з дзецьмі ў сацыяльна небяспечным становішчы. Памятайце, што згодна з заканадаўствам адказнасць за выкананне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў прыватных дамах ускладзена на іх уласнікаў. Ініцыятыва прадоўжыцца да 2 лістапада.
