Чакае дзіця мацярынскай увагі
Самой прыродай жанчына-маці “запраграмавана” на клопат аб сваім дзіцяці. Ды сустракаюцца і такія, у каго гэтая праграма (нярэдка з-за ўжывання моцных алкагольных напояў) яўна дае збой. Тады і забываюцца гора-маці на простую жыццёвую ісціну: нарадзіць – не ўся справа, трэба яшчэ сілы і любоў прыкласці, каб выгадаваць годнага чалавека.
Так адбылося і ў гісторыі Кацярыны Л. Летась суд загадаў ёй выдаткоўваць сродкі на ўтрыманне малой дачкі. Напрыканцы студзеня гэтага года жанчына ўладкавалася прыбіральшчыцай тэрыторый у КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”. Мінула ўжо паўгода. Але як Кацярына выконвае свае службовыя ды мацярынскія абавязкі? Скажам шчыра – абыяк. Без усялякіх на тое прычын яна здзейсніла амаль паўсотню прагулаў. У выніку і бацькоўскі доўг толькі расце ў грашовым плане, бо Кацярына недастаткова вяртае сродкаў, што траціліся на выхаванне яе непаўнагадовай дачкі, якая знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні ў апякунскай сям’і.
Цяпер супраць Кацярыны Л. узбуджана справа паводле часткі 3 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Не размінуліся на вясковай дарозе
Небяспеку часцяком нясе дарога. Вельмі горка, калі ахвярамі здарэнняў становяцца дзеці, як адбылося ў ліпені ў аграгарадку Мацеевічы.
Па вуліцы Лугавой рухаўся грузавы “МАЗ” з прычэпам-самазвалам, якім кіраваў Сяргей М. А наперадзе ехала шасцігадовая дзяўчынка на ровары. Цяжкая машына пайшла на абгон, ды кіроўца яе дапусціў сутыкненне. У выніку дарожна-транспартнага здарэння маленькая веласіпедыстка атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні.
Надта беражлівая гандлярка
Напрыканцы ліпеня ўзбуджана справа супраць прадаўца адной з вясковых крам ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база” філіяла “Жабінкаўскі” Людмілы П. У якасці матэрыяльна-адказнай асобы яна павінна была беражліва ставіцца да перададзеных ёй на захаванне матэрыяльных каштоўнасцяў, а калі спатрэбіцца, і меры прымаць, каб нехта шкоду не пасмеў нанесці гэтым самым каштоўнасцям. А што ж атрымалася насамрэч, спытаецеся?
Надта беражлівая аказалася гандлярка. У некалькі заходаў яна сама крала малачко ды смятанку, ёгурты ды каўбасы, не цуралася і цукерак, пячэння, пельменяў, вадкасці для мыцця посуду, цыгарэт ды іншага, чым крама багатая. Неўзабаве гэтая “здабыча” пераязджала на “захаванне” ў Людміліну хату. Такім чынам сваімі дзеяннямі жанчына растраціла маёмасці на суму ў 600 рублёў, а значыцца, здзейсніла злачынства, прадугледжанае часткай 1 артыкула 211 Крымінальнага кодэкса.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС.
