Помнім і ганарымся

Сёння — асаблівая дата. У гэты дзень у памятным 1944 годзе пачалося маштабнае вызваленне нашага раёна. Памятаючы пра былое, жабінкаўцы разумеюць, якім неацэнным быў подзвіг салдат і афіцэраў, што склалі свае галовы ў баях за наш родны горад. Сённяшняе пакаленне разумее, наколькі вялікая каштоўнасць жыць пад небам, пазбаўленым ліхалеццяў.
Роўна 76 гадоў таму ўвесь свет абляцела вестка, агучаная магутным голасам Юрыя Левітана: “На Брэсцкім напрамку нашы войскі, развіваючы наступленне… занялі з баямі буйныя населеныя пункты Нараўка Малая, Вайноўка, Каростычы, Амялінка, Жабінка, Завершы, Запруды, Беразна, Бародычы, Асіповічы, вузлавую чыгуначную станцыю Жабінка”.
Гэта паведамленне Савецкага інфармацыйнага бюро прагучала ў эфіры 18 ліпеня 1944 года. Таму доўгі час Дзень вызвалення свайго горада і раёна жабінкаўцы адзначалі менавіта 18 ліпеня.
Насамрэч у названы дзень усё толькі пачыналася. У першыя суткі свае галовы ў нашай зямлі склалі 11 чырвонаармейцаў. Падчас самых напружаных баёў 20-21 ліпеня загінулі яшчэ больш за 280 байцоў, увекавечаных цяпер у брацкай магіле на вуліцы Кірава. Ранкам 22 ліпеня над Жабінкай узвіўся сцяг свабоды.
Найбольшы ўнёсак у вызваленне — воінаў 20-й стралковай Баранавіцкай двойчы Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі. Зірніце на фотаздымак, зроблены ў тыя векапомныя дні. На ім — нашы вызваліцелі. Дзякуючы ім больш за тры чвэрці веку мы жывем пад мірным небам. На жаль, не кожны з іх пабачыў пераможныя салюты: жорсткая вайна яшчэ працягвалася, збіраючы свае ахвяры. Наперадзе былі Брэст і Варшава, Кёнігсберг і Берлін — ачышчэнне еўрапейскіх краін і народаў ад карычневай навалы.
Кожны раз, калі ў будні ці святочныя дні прыходзім да брацкай магілы ў цэнтры Жабінкі, міжволі згадваем тых, хто зрабіў наш край вольным. Сёння прыемна прайсціся вуліцамі прыгожай Жабінкі, пабачыць яе новабудоўлі, паразмаўляць з жыхарамі, якія разумеюць, наколькі важна берагчы мір, заваяваны ў тыя ліпеньскія дні далёкага сорак чацвёртага года.
Анатоль РОСТАЎ
На здымках: пад чыстым мірным небам жывуць юныя жабінкаўцы, якія штогод адзначаюць дні, калі родная Жабінка набыла свабоду; афіцэры 20-й стралковай дывізіі, якая 18-22 ліпеня 1944 года вызваляла жабінкаўшчыну ад нацысцкіх акупантаў, фота, зробленае на памяць, 1944 год.