Вось і завяршылася галоўная і адказная пара ў жыцці хлебаробаў — жніво. Аблашчаны ветрыкамі і сагрэты сонцам ураджай абмалочаны і дастаўлены на зернесушылкі. На апусцелых палях шчыруюць трактары і прэс-падборшчыкі, якія цюкуюць і вывозяць салому — рыхтуюць плошчы пад ураджай будучага года.
…У аўторак апошнія гектары жыта за вёскай Курпічы абмалочвалі камбайнеры ААТ “Жабінкаўскі”. А калі засталася апошняя ў гэтым сезоне загонка, шэсць “караблёў палёў” прыгожа выстраіліся і пад апладысменты механізатараў дажалі спелыя залатыя сцябліны. Збожжа шумным струменем пасыпалася ў кузаў МАЗа, а ўслед над полем панесліся гукі дажыначнай песні.
— Вельмі рады, што сёння нарэшце святкуем дажынкі, —сказаў дырэктар таварыства Міхаіл Вячорка. — Хлопцы, вы ўсе малайцы, папрацавалі выдатна. Сёлета нам удалося вырасціць і сабраць на 1100 тон збожжа больш, чым летась. І наш уклад у раённы каравай выдатны: намалацілі сем з паловаю тысяч тон — гэта найлепшы вынік у раёне. Таму хачу кожнаму сказаць дзякуй за працу, пажадаць усім здароўя, поспехаў і дабрабыту.
Павіншавалі механізатараў з заканчэннем жніва таксама намеснік дырэктара па вытворчасці Ганна Плытнік і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталля Карпук.
Ганна Іванаўна па традыцыі паднесла духмяныя прыгожыя караваі дырэктару Міхаілу Вячорку, а таксама камбайнеру Аляксею Казусіку, вадзіцелю Сяргею Свіцічу і механізатару Аляксандру Аўсяніку, якія асабліва вызначыліся на жніве. А госць дажынак Наталля Карпук уручыла Пісьмы падзякі райсельгасхарчу і прафсаюза работнікаў АПК ды грашовыя сертыфікаты лепшым працаўнікам. Іх аказалася нямала: Вячаслаў Пясецкі, Уладзімір Казусік, Сяргей Крывалевіч, Андрэй Валасюк, Сяргей Главацкі, Уладзіслаў Хмарук, Аляксей Казусік, Уладзімір Угляніца, Сяргей Свіціч, Віктар Панасюк ды Сяргей Красько. Дарэчы, як падкрэсліла прафлідар, з 33 раённых “тысячнікаў”-камбайнераў і вадзіцеляў ажно 16 рупяцца ў “Жабінкаўскім”!
Прыемны сюрпрыз чакаў таксама Дзмітрыя Шаламая, Мікалая Канючку, Ігара Жэдзіка і Віктара Шастачука, якім зусім нямнога не хапіла да ўзяцця запаветнай планкі: ім таксама ўручылі грашовыя сертыфікаты.
Пасля віншаванняў і ўра-чыстасці свае музычныя падарункі дарылі рупліўцам “Жабінкаўскага” крыўлянскія самадзейныя артысты — міні-тэатр песні і гумару “Спявай, душа”. Над абмалочаным полем паліліся спевы — пра хлеб, сялянскую працу і гасціннасць беларускага народа. Дзе ўраджай шчодры, там і песня звонка льецца.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара
Главные новости
