Піянерыя — краіна дзяцінства

На мінулым тыдні ў раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі адбылося свята “Піянерыя — краіна дзяцінства!”, прысвечанае дню нараджэння Беларускай Рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Удзельнікамі сустрэчы сталі піянеры-актывісты, прадстаўнікі 11 піянерскіх дружын школ раёна, педагогі-арганізатары.
Супрацоўнікі РЦТДіМ падрыхтавалі для юных гасцей цікавую праграму і піянерскую гульню па станцыях “Марафон сяброўства”, віншаванні ад вакальнага калектыву “Вясёлкавы мікс”, майстар-клас “Выраб дрэва сяброўства “Мары нашага дзяцінства”.
Па добрай традыцыі перад пачаткам сустрэчы ўсе ўдзельнікі ўсклалі кветкі да помніка загінулым воінам у знак удзячнасці за іх подзвіг і наша мірнае жыццё, ушанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання.
Намеснік дырэктара РЦТДіМ Алена Скрыпка, аўтарка гэтых радкоў, пазнаёміла дзяцей з новымі цікавымі конкурсамі і праектамі БРПА на бягучы навучальны год, у якіх прымуць удзел піянеры Жабінкаўшчыны, быў дадзены старт традыцыйнаму раённаму конкурсу на лепшую піянерскую дружыну, вынікі якога будуць падведзены да Адзінага дня прыёму ў шэрагі БРПА 7 мая 2019 года. Юным гасцям пажадалі натхнення і перамогі ў конкурсах, выбраць сабе занятак па душы, праводзіць вольны ад вучобы час займальна, з карысцю.
Затым усіх чакала гульня “Марафон сяброўства”, у якой удзельнікі падарожнічалі па станцыях “Прававая”, “Спартыўная”, “Піянерская азбука”, “Краязнаўчая”, “Жартоўная”, “Песенная”, “Мастацкая” і знайшлі сабе новых сяброў, а таксама змаглі даведацца шмат цікавага пра нашу малую радзіму.
Напрыкацы сустрэчы дзеці разам з педагогамі цэнтра творчасці ўпрыгожылі дрэва “Мары нашага дзяцінства”. Яно абавязкова захавае для будучых пакаленняў мары дзяцей XXI стагоддзя! Хочацца верыць, што яны збудуцца!
Алена СКРЫПКА, намеснік дырэктара РЦТДіМ.
Фота аўтара.