У бліжэйшыя дні ў Мінску адбудуцца дзве надзвычай важныя падзеі, якіх чакаюць творцы і іх чытачы: 22 сакавіка ладзіцца чарговы справаздачна-выбарчы з’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі, а наступнымі днямі запрацуе ХХІХ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Напярэдадні гэтых значных мерапрыемстваў хочацца падзяліцца пэўнымі думкамі і пажаданнямі.
Следам за Яўгенам Шварцам (выдатным драматургам, чые творы даўно сталі класікай) неаднойчы паўтараў: “Той, хто піша, можа ў глыбіні душы спадзявацца, што ён пісьменнік. Але гаварыць услых: я – пісьменнік, нельга. Услых можна сказаць: я – член Саюза пісьменнікаў, бо гэта ёсць факт, засведчаны членскім білетам, подпісам і пячаткай. А пісьменнік – надта высокае слова…”.
Ужо не першы раз даводзіцца браць удзел у вялікіх форумах СПБ. Усялякі раз еду ў сталіцу ў чаканні змястоўнай размовы па тэмах, актуальных для творчай сябрыны. У нечым сімвалічна, што сёлетні з’езд ладзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы – галоўным і найбуйнейшым кнігасховішчы Беларусі. Аднак кожны, хто знаецца з прыгожым пісьменствам, цудоўна ўсведамляе: шчасце не тады, калі кніга, як паланянка, “схаваная” ад свету і не кранутая чытацкаю рукою. Мы пішам, каб быць пачутымі і праз папяровы ліст данесці свае думкі, заклікаць да сумлення і міру, пабудзіць хвалю пачуццяў, задумацца над мінулым, сённяшнім, будучым.
Пару месяцаў таму паставіў апошнюю кропку ў рукапісе новай кнігі “Галавасек”, якая распавядае пра вёску Драмлёва, спаленую 80 гадоў назад. Кніга не планавалася да нейкіх юбілеяў ці круглых дат, пачыналася задоўга да таго, як у Беларусі быў абвешчаны Год гістарычнай памяці. На старонках гэтай дакументальнай аповесці – галасы апошніх сведкаў трагедыі. Паспеў іх пачуць, занатаваць, перадаць іншым пакаленням. У гэтым бачу нейкае наканаванне…
Шмат дзесяцігоддзяў займаюся краязнаўствам. Хочацца, каб гэтая тэма стала адной з цэнтральных на з’ездзе і кніжным кірмашы. Клапоціць, вядома, і родная мова. Адчувальна скарачаецца яе арэал… (“Арэал” – слова прыгадалася тут нейкае “птушынае”, мабыць, таму, што існуюць горкае адчуванне і непакой: ці вернецца мова беларусаў са свайго “выраю”?). Вельмі патрэбна, каб на форуме прагучалі аўтарытэтныя галасы вялікай пісьменніцкай суполкі ў яе абарону. У самыя навальнічныя часы мова бараніла беларусаў, “каб не ўмёрлі”, як казаў калісь класік роднай літаратуры Францішак Багушэвіч. Нельга на тое забывацца. Мабыць, таму большасць сваіх кніг я заканчваю словамі: “Жыві і помні!”
Анатоль БЕНЗЯРУК, ганаровы сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі
