Як вядома, 11-12 лютага ў беларускай сталіцы адбыўся VI Усебеларускі народны сход. Яго ўдзельнікі наведваюць калектывы раёна, каб данесці свае ўражанні і пазнаёміць з асноўнымі вынікамі форуму. 24 лютага з гэтымі мэтамі да педагогаў Жабінкаўскай школы-інтэрната завітала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Жанна Стаціўка.
Працуючы ў беларускім парламенце, Жанна Уладзіміраўна найбольш шчыльна займаецца сацыяльнымі пытаннямі, якія знайшлі шырокае адлюстраванне ў выніковым дакуменце, прынятым на Усебеларускім сходзе. Таму пасля таго, як выступоўца коратка спынілася на атмасферы, што панавала ў зале і кулуарах форуму, парламентарый засяродзілася на блізкай для сябе тэме.
Сацыяльны напрамак па-ранейшаму застаецца прыярытэтным у краіне. У аснове асноў тое, што найперш хвалюе людзей: рост дабрабыту, ахова здароўя, якасная адукацыя, паляпшэнне інфраструктуры, стварэнне камфортных умоў для жыцця, працы, самарэалізацыі.
Парламентарыя заўсёды хвалюе, як усё гэта наладжваецца ў невялікіх сельскагаспадарчых раёнах. І гэта не дзіўна, бо Жанна Уладзіміраўна абрана ў Палату прадстаўнікоў жыхарамі Жабінкаўшчыны, Камянеччыны, Маларытчыны, дзе, акрамя чатырох невялікіх гарадоў (Жабінкі, Маларыты, Камянца, Высокага), існуе 405 населеных пунктаў, у якіх людзі жывуць сваімі паўсядзённымі вясковымі клопатамі. Таму нездарма парламенцкая камісія, у якой працуе Жанна Стаціўка, перыядычна ўносіць прапановы, якія тычацца паляпшэння ўмоў пражывання ў вёсках. Гэта надзвычай актуальна, паколькі ў сельскай мясцовасці існуюць праблемы з жыллём, кадрамі. І як вынік — многія імкнуцца пераехаць у гарады.
Асаблівым клопатам у Беларусі, як адзначала прамоўца, ахоплены сям’я і сямейныя адносіны. Прынамсі, дэпутат неаднойчы прапаноўвала стымуляваць нараджэнне ў маладых сем’ях не толькі трэцяга, як робіцца ў краіне зараз, але й другога дзіцяці.
У сваім выступленні Жанна Ста-ціўка закранула таксама праблемы прафесійнай адукацыі, якім знайшлося належнае месца на форуме і ў яго выніковых дакументах. Асобна было сказана пра будаўніцтва, у тым ліку на сяле, аб пашырэнні ў перспектыве арэнднага жылля.
Не былі пакінуты па-за ўвагай і пытанні адукацыі. Педагогі школы-інтэрната, дзе выхоўваюцца дзеці з праблемамі зроку, у тым ліку інваліды, вельмі станоўча ўспрынялі вестку, што асаблівая ўвага будзе скіравана на выпускнікоў навучальных устаноў (не толькі школ, але й ВНУ), якія маюць інваліднасць. Гэта дазволіць ім лягчэй замацоўвацца ў сённяшнім няпростым жыцці.
Напрыканцы Жанна Уладзіміраўна спынілася на пытаннях, якія хвалююць усіх і заўсёды. Размова пра здароўе і яго ахову. На думку выступоўцы, у перыяд пандэміі айчынная медыцына здолела мабілізавацца, перабудавацца, каб прыйсці на дапамогу людзям.
— Вядома, праблемы ёсць і пра іх патрэбна гаварыць, — падкрэсліла дэпутат, — каб разам прыйсці да правільнага рашэння. Цешыць, што ахове здароўя выдаткоўваецца больш рэсурсаў, адчувальная падтрымка медыкам, сама медыцына ўдасканальваецца.
Нездарма на развітанне Жанна Уладзіміраўна пажадала ўсім здароўя, шчасця і, канечне, мірнага неба над галавой!
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара
Главные новости
