Першыя “тысячнікі” ў “Вазнясенскім”

На Жабінкаўшчыне жніво набірае абароты. На палях дзякуючы клопатам хлебаробаў спее неблагі ўраджай. Каб сабраць яго максімальна хутка і без страт, не ведаючы адпачынку і стомы, шчыруюць сотні рупліўцаў. На раніцу чацвярга ў гаспадарках намалацілі 23 з паловай тысячы тон збожжа, убралі 5554 гектары, што складае 48,8 % да плана пры ўраджайнасці 42,5 цэнтнера на круг. Калі надвор’е не “закапрызнічае” і не будзе псавацца тэхніка, сабраць каласы з палёў магчыма за паўтара тыдня.
А пакуль жніво пакрысе хіліцца да залатой сярэдзіны, працаўнікі ставяць асабістыя рэкорды — па колькасці ўбраных гектараў, абмалочаных і адвезеных тон збожжа. Першыя і найбольш важкія рэкорды сёлета паставілі адразу два вадзіцелі ААТ “Вазнясенскі” — Сцяпан Кандрацюк і Уладзімір Дземідовіч. На іх рахунку — перавезеныя 1000 тон сабранага ўраджаю! Павіншаваць рупліўцаў і ўручыць Пісьмы падзякі прама ў поле прыехала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталля Карпук.
Дырэктар гаспадаркі Надзея Кандрацюк падкрэсліла, што гэтыя вадзіцелі не першы год становяцца “тысячнікамі”. У Сцяпана Кандрацюка ёсць свой асабісты рэкорд — амаль чатыры тысячы перавезеных ад камбайнаў тон збожжа, які ён устанавіў, як атрымаў новую вялікагрузную машыну. Яго калега Уладзімір Дземідовіч не адстае: трэці год запар ён знаходзіцца ў кагорце “тысячнікаў”. Усяго ў гаспадарцы працуюць на жніве шэсць сваіх экіпажаў камбайнераў і адзін з сельгастэхнікі. Адвозяць абмалочанае збожжа ад іх чатыры машыны. Надзея Рыгораўна запэўніла, што ў “Вазнясенскім” спіс рэкардсменаў жніва будзе папаўняцца.
Спадзяемся, што запаветная тысяча (а можа, і дзве) скарыцца і працаўнікам іншых гаспадарак раёна. Сёлета выдатны ўраджай збожжавых чакаецца па ўсёй краіне.
Святлана КІСЛАЯ
Фота Паўла ЯДРЭЎСКАГА