У панядзелак, 31 ліпеня, на Жабінкаўшчыне ўганароўвалі першых тысячнікаў. Дэлегацыя ў складзе старшыні райвыканкама Андрэя Кузьміча, яго першага намесніка Рыгора Панасюка і старшыні прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Любові Каберна завітала ў дзве перадавыя гаспадаркі раёна – адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Жабінкаўскі” і “Вазнясенскі”.

У ААТ “Жабінкаўскі” віншаванні прымаў экіпаж камбайнераў: Вячаслаў Пясецкі і Уладзімір Казусік. Тысячную планку вопытныя хлебаробы пераадолелі першымі ў раёне ўвечары 30 ліпеня. Тысячу тон экіпаж намалаціў на камбайне “КЗС-1218”, які верна служыць сваім гаспадарам ужо дзесяць гадоў.
Кіраўнік раёна павіншаваў рупліўцаў з высокім дасягненнем, пажадаў далейшых поспехаў і ўручыў Пісьмы падзякі прафсаюза работнікаў АПК. Героі дня атрымалі ў падарунак майкі, кепкі, наборы інструментаў і кветкі ад райкама галіновага прафсаюза.
Дырэктар “Жабінкаўскага” Міхаіл Вячорка падзяліўся, што летась усе экіпажы сельгаспрадпрыемства сталі тысячнікамі. Такога ж выніку чакаюць і сёлета.
– Непрадказальнае капрызнае надвор’е стрымлівае ў гэтым годзе тэмпы ўборкі, – сказаў Міхаіл Мікалаевіч. – Але хлопцы ў нас мэтанакіраваныя, усе восем экіпажаў, задзейнічаных на жніве, працуюць ад світанку да цямна, разумеючы адказнасць за кожнае зярнятка. Паралельна ідзе ўборка ячменю, жыта і трыцікале. Было б спрыяльнае надвор’е – за два тыдні дакладна справіліся б!
У “Вазнясенскім” героямі дня сталі аператары зернесушыльнага комплексу Аляксей і Мікалай Садаўнічыкі, якія дапрацавалі па дзве тысячы тон збожжа. Аляксей Аляксеевіч гаспадарыць на КЗС з 2009 года. Не раз яны разам з пляменнікам Мікалаем станавіліся двухтысячнікамі падчас уборачных кампаній, праслаўляючы родную гаспадарку.
Аператараў ЗСК таксама чакалі віншаванні, падарункі і Пісьмы падзякі.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК





