Першыя памочнікі мясцовай улады

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК. Фота аўтара.

На мінулым тыдні ў райвыканкаме адбыўся раённы сход вясковых старастаў, на якім былі падведзены вынікі іх работы за мінулы год і намечаны перспектывы на сёлетні. На мерапрыемства былі запрошаны старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, прадстаўнікі раённых службаў, адказных за жыццезабеспячэнне жабінкаўцаў.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк, які вёў сход, расказаў пра работу органаў улады і тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання па паляпшэнні жыццезабеспячэння сельскага насельніцтва раёна. Анатоль Вітальевіч заўважыў, што мінулагодні перыяд адзначаны станоўчымі вынікамі ў вытворча-эканамічнай сферы, у вырашэнні шэрагу важных сацыяльных праблем, значных для людзей. Пачата будаўніцтва падводзячага газаправода да Вялікіх Якаўчыцаў, заасфальтаваны ўчасткі аўтадарог Жабінка — Рачкі — Тэльмы і Алізараў Стаў — Мацеевічы — Батчы. У межах падрыхтоўкі да раённых “Дажынак” выкананы значны аб’ём работ па добраўпарадкаванні аграгарадка Ракітніца на суму больш за 300 тысяч рублёў. Летась было закуплена абсталяванне, а сёлета абуладкаваны чатыры дзіцячыя пляцоўкі (у Буснях, Філіпавічах, Ленінскім і Мацеевічах). Старшыня райсавета дэпутатаў адзначыў актыўны ўдзел у гэтай справе вясковых старастаў — першых памочнікаў мясцовай улады. Яны — дзейснае звяно паміж насельніцтвам і органамі мясцовага кіравання, актыўныя ўдзельнікі пасяджэнняў сельвыканкамаў, сесій сельскіх Саветаў дэпутатаў.
На Жабінкаўшчыне 67 старастаў. У пачатку года адбыліся справаздачна-выбарныя сходы, абраны адзін новы стараста. Як правіла, на гэтыя пасады выбіраюць самых аўтарытэтных і дзейсных людзей, неабыякавых да лёсу аднавяскоўцаў і іх жыццёвых запытаў. Асабліва заўважная роля старастаў у рабоце па добраўпарадкаванні і паляпшэнні санітарнага стану населеных пунктаў, могілак, па развіцці асабістых дапаможных гаспадарак грамадзян і ў клопаце пра пажылых людзей.
Асноўнага дакладчыка дапоўнілі начальнік Жабінкаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Бутрым, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Андрэй Лагота, галоўны ўрач Жабінкаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Надзея Шосцік, начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Лілія Сакалова, намеснік начальніка аддзела статыстыкі Жабінкаўскага раёна Вераніка Гарус. Выступленне кожнага з іх было інфарматыўным, цікавым, узнімаліся хвалюючыя тэмы пажараў і гібелі лю-дзей на іх, алкагалізацыі насельніцтва, засмечвання населеных пунктаў, павелічэння колькасці пустуючых дамоў і іншыя.
Падчас сходу былі разгледжаны і праблемныя пытанні, вырашэння якіх чакаюць вяскоўцы. Так, стараста вёскі Залуззе цікавіўся, ці адчыніцца ў іх амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, якая зараз не працуе, таму што няма спецыяліста. Стараста Палявой Рэчыцы спытала, ці можна забараніць праз іх вёску праезд грузавога транспарту. Старасты Замошанаў, Рудкі і Селішчаў занепакоены станам вясковых вуліц, пакрыццё якіх патрабуе рамонту. Ямачны ажыццяўляецца работнікамі ДРБУ-103, але яго хапае ненадоўга. Стараста Чыжэўшчыны ад імя аднавяскоўцаў выказала незадаволенасць работай перасоўнага аддзялення паштовай сувязі, якое парушае графік прыбыцця, часта затрымліваецца, і людзям даводзіцца доўга чакаць. Анатоль Вітальевіч паабяцаў узяць узнятыя пытанні на кантроль.
На сходзе быў абраны раённы савет старастаў сельскіх населеных пунктаў Жабінкаўшчыны і яго старшыня. Гэтую адказную місію аднагалосна даверылі Валянціне Станчук, старасце аграгарадка Ленінскі.
Прыемнымі момантамі раённага сходу вясковых старастаў стала ўзнагароджванне лепшых з іх па выніках мінулагодняй працы. Анатоль Шалтанюк нагадаў, што за высокія паказчыкі ў вырашэнні пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва і забеспячэння комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця найлепшым у раёне прызнаны Ленінскі сельскі Савет дэпутатаў (старшыня Мікалай Лугаўскі), сярод асабістых органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — стараста вёскі Чыжэўшчына Тамара Гацялюк. Яны былі ўганараваны падчас свята Першамаю. Цяпер жа, на сходзе, Пісьмы падзякі раённага выканаўчага камітэта атрымалі старасты аграгарадка Крыўляны, вёсак Ханькі, Баяры і хутара Каранёва Крыўлянскага сельсавета Алена Балюк, вёскі Залуззе Жабінкаўскага сельсавета Аляксандр Казак, вёскі Падлессе Хмелеўскага сельсавета Галіна Бурбіловіч і вёскі Целякі Азяцкага сельсавета Георгій Чыліевіч.
На здымках: прэзідыум раённага сходу старастаў сельскіх населеных пунктаў; старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк узнагаро-джвае Пісьмом падзякі старасту аграгарадка Крыўляны Алену БАЛЮК.