Камбайнеры ААТ “Рагазнянскі” першымі ў раёне завяршылі жніво
У мінулы чацвер рагазнянцы абмалацілі апошнія гектары з каласавымі культурамі. Надвячоркам у поле павіншаваць хлебаробаў прыехалі начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандр Кучынскі і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Любоў Каберна.
Аляксандр Яўгенавіч зазначыў:
— Першым у вобласці ўборачную кампанію завяршыў Столінскі раён. На Жабінкаўшчыне жніво таксама блізіцца да завяршэння. На жаль, пэўныя карэктывы ўнеслі дажджы, якія на некалькі дзён спынілі ход уборкі, і дагэтуль на многіх палях стаіць вада. Таму сёлета – гэта сапраўдная бітва за ўраджай. Хочацца адзначыць, што рагазнянцы паказалі сапраўдны прыклад для пераймання — убралі першыя з улікам самай высокай нагрузкі на камбайн. І не дзіва: у “Рагазнянскім” і тэхніка, і людзі даўно навучыліся працаваць як зладжаны механізм. І вельмі прыемна, што тут адразу пяць з шасці экіпажаў заваявалі ганаровае званне тысячніка. Да іх далучыўся і вадзіцель-тысячнік. Гэта дарагога каштуе!
Кіраўнік гаспадаркі Віктар Дробышаў дадаў:
— Мне сёння хочацца сказаць вялікі дзякуй усім, хто ўдзельнічаў на жніве. Сёлета яно было няпростым, некалькі дзён увогуле прастойвалі ці ўбіралі не да самага вечара. Аднак на старце мы не “праспалі”, не чакалі, пакуль ураджай высахне на корані. Відаць, правільна паступілі, хаця пасля дажджоў пшаніцу даводзілася ўбіраць пры вільготнасці вышэй за 25 працэнтаў. Сёння мы абмалацілі апошняе поле. Мяркуецца, што валавы збор збожжа ў нас амаль мінулагодні, за двое сутак сабранае перапрацуем, закладзем на захоўванне. Вельмі хочацца адзначыць якасць і тэмп уборкі, пажадаць моцнага здароўя ўсім механізатарам.
Лідары жніва атрымалі ад гасцей Пісьмы падзякі і падарункі. Пад дружныя апладысменты караваі з мукі новага ўраджаю ўручыла хлебаробам намеснік дырэктара па вытворчасці Алена Якімчук.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара

